Нунцый ва Украіне: Божае Нараджэнне перамагае цемру вайны
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Святло Божага Нараджэння настолькі яркае і вялікае, што ўзвышаецца над усімі цяжкасцямі, над любой агрэсіяй і любой бамбардзіроўкай", – падзяліўся арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас пасля святочнай Эўхарыстыі.
"Калі Езус нараджаецца ў месцы, якое пастаянна атакуюць і бамбардзіруюць, гэтае святло відаць намнога больш выразна, яно яшчэ ярчэй ззяе", - дадаў дыпламат.
Нягледзячы на абстрэлы энергетычнай інфраструктуры, якія пакінулі больш за паўмільёна чалавек без ацяплення і вады, вернікі змаглі сабрацца на святкаванне Божага Нараджэння. У цэлебрацыі ўдзельнічалі біскупы лацінскага і ўсходняга абрадаў, прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы Украіны, пратэстанцкіх супольнасцей і гарадскіх улад.
"Першай малітвай, якая прыйшла мне ў сэрца, быў экзарцызм, бо такая вайна вельмі падобная да справы д'ябла. Яна знаходзіцца ў поўным супрацьстаянні з Езусам, з Яго Нараджэннем, якое мы святкуем", - падкрэсліў нунцый.
Падчас Боскай Літургіі ў грэка-каталіцкай катэдры Харкава іерарх быў уражаны прысутнасцю многіх дзяцей. Бацькі казалі, што асабліва ў ваенны час разумеюць, што для іх дзяцей неабходна як мага часцей слухаць катэхезы і ўдзельнічаць у літургіі, бо гэта з'яўляецца выратаваннем.
Пасля святкавання нунцый Кульбокас наведаў кляштар сясцёр кармелітак на ўскраіне Харкава. Манахіні прызналіся, што адчувалі страх падчас начных абстрэлаў, але ўсведамляюць сваю місію – маліцца за мір і за краіну, заставацца тут, бо "Езус перамагае ўсё".