Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE
Сустрэча кардынала Параліна з прэм’ер-міністрам Украіны Дзянісам Шмыгалем Сустрэча кардынала Параліна з прэм’ер-міністрам Украіны Дзянісам Шмыгалем  (kmu.gov.ua)

Кіеў: кардынал Паралін сустрэўся з прэм'ерам і спікерам парламента

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы сустрэўся 22 ліпеня 2024 года ў Кіеве з прэм'ерам і спікерам парламента Украіны. Гаворка ішла пра ўсталяванне справядлівага міру ва Украіне, вяртанне палонных і ўкраінскіх дзяцей, аднаўленне медыцынскай інфраструктуры краіны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Візіт кардынала П’етра Параліна ва Украіну і наведванне ўкраінскіх гарадоў падчас вайны, развязанай Расіяй, сведчаць аб высокай цікавасці да нашай краіны”, - напісаў Дзяніс Шмыгаль на сваім сайце. Ён падзякаваў Святому Пасаду за ўдзел у Першым саміце міру ў Швейцарыі і падтрымку яго рашэння.

Прэм'ер-міністр таксама падкрэсліў, што Украіна высока цэніць гуманітарную дапамогу і актыўны ўдзел з боку Святога Пасада ў працэсе вяртання дэпартаваных украінскіх дзяцей і палонных. Шмыгаль таксама падзякаваў за дапамогу ў лячэнні ўкраінскіх падлеткаў, якія сталі ахвярамі расійскай агрэсіі. “Мы таксама разлічваем на ўдзел і дапамогу Апостальскай Сталіцы ў аднаўленні медыцынскай інфраструктуры Украіны”, - дадаў ён.

Пасланнік Папы Францішка знаходзіцца ва Украіне з афіцыйным візітам 19-24 ліпеня 2024 года.

Кардынал Паралін з старшынёй Вярхоўнай Рады Украіны Русланам Стэфанчуком
Кардынал Паралін з старшынёй Вярхоўнай Рады Украіны Русланам Стэфанчуком

У размовах кардынала Параліна з старшынёй Вярхоўнай Рады Украіны Русланам Стэфанчуком дамінавалі гуманітарныя пытанні. Пра ход сустрэчы, якая прайшла 22 ліпеня 2024 года, паведамляе афіцыйны сайт украінскага парламента.

На пачатку ўкраінскі палітык выказаў удзячнасць Папу Францішку і Святому Пасаду за пастаянную падтрымку Украіны. “Я асабліва ўдзячны за гуманітарную дапамогу, аказаную ў рамках місіі спецыяльнага прадстаўніка Папы, кардынала Конрада Краеўскага”, - прызнаўся ён.

Звяртаючыся да Дзяржсакратара, старшыня Вярхоўнай Рады сказаў: “Я ведаю, што Ваша Эмінэнцыя былі ў Адэсе і на свае вочы бачылі наступствы расійскіх ракетных удараў па горадзе. Таму мы чакаем далейшай падтрымкі і гуманітарнай дапамогі, у першую чаргу ад каталіцкіх арганізацый”. Ён таксама падзякаваў іерарху за яго асабісты ўдзел у Саміце міру, які прайшоў нядаўна ў Швейцарыі.

Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі важнасць рэалізацыі формулы міру прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. Вялікая ўвага надавалася вяртанню дэпартаваных украінскіх дзяцей і ваеннапалонных.

Гаворачы аб умовах утрымання ваеннапалонных, Руслан Стэфанчук падкрэсліў, што Украіна стварыла і забяспечвае годныя ўмовы для расійскіх ваеннапалонных, у адрозненне ад другога боку. “Расія не згодная на стварэнне сумеснай медыцынскай камісіі для аб'ектыўнага вызначэння стану здароўя ўкраінскіх ваеннапалонных”, - сказаў старшыня Вярхоўнай Рады. Ён заклікаў Святы Пасад прыкласці ўсе намаганні для змены пазіцыі Расіі па стварэнні адпаведнай медыцынскай камісіі.

Руслан Стэфанчук таксама падзякаваў Святому Пасаду за дапамогу ўкраінскім дзецям падчас вайны і арганізацыю летняга адпачынку для іх у Італіі.

Старшыня ўкраінскага парламента таксама вітаў далучэнне Святога Пасада ў якасці назіральніка да Міжнароднай кааліцыі за вяртанне ўкраінскіх дзяцей.
 

23 ліпеня 2024, 09:34
Prev
April 2025
SuMoTuWeThFrSa
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930   
Next
May 2025
SuMoTuWeThFrSa
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031