Чаму навука “не можа” прызнаваць звышнатуральнае?
У мінулым выпуску аўтар разважаў над такімі пытаннямі: Ці тэалогія – гэта навука? Ці яна можа быць навукай? А калі яна не навука, то чым тады з’яўляецца? У гэтай праграме ён разглядае пытанне звышнатуральнай рэчаіснасці.
Многія сучасныя навукоўцы лічаць, што навука займаецца толькі тым, што з’яўляецца натуральным, то бок прыродай. Як пісаў Рычард Левонтын: «Нашы тлумачэнні матэрыяльных з’яў выключаюць дзеянне звышнатуральных дэманаў, ведзьмаў, духаў усялякага роду, уключаючы розных багоў, ці будзе гэта Адонай, ці Зеўс». Такое стаўленне, вядомае як натуралізм, часта разглядаецца як прынцып, якога павінен прытрымлівацца кожны навуковец, нават калі часам узнікае спакуса звярнуцца да чагосьці звышнатуральнага.
Паўстае лагічна пытанне: адкуль такая ўпэўненасць, што існуе толькі натуральнае? Тут у адказ мы пачуем: дастаткова таго, што ніхто не даказаў існавання Бога, каб заявіць, што спасылкі на звышнатуральнае непрымальныя. У гэтым месцы, хутчэй за ўсё, з’явіцца такая фраза, як “цяжар доказу”. Цяжар доказу – гэта агульнае правіла, якое заключаецца ў тым, што чалавек, які выказвае больш спрэчную тэзу, павінен прадставіць доказы.
Аднак у пытанні існавання Бога сітуацыя не такая відавочная. Ці сапраўды цяжар доказу на баку веруючых? У спрэчцы пра існаванне Бога можна прыняць два падыходы. Хтосьці можа сказаць: “Але ж ніхто ніколі не бачыў Бога, таму ясна, што тэалогія павінна нешта даказаць”. Але пачакайце… Паводле даследаванняў, 85% насельніцтва свету прызнае існаванне звышнатуральнай сілы. Магчыма, таму гэта тыя, хто не верыць, павінны нешта даказваць, бо яны ў меншасці, - сцвярджае аўтар.