Абудзіся ты, які спіш!
“Абудзіся ты, які спіш! (…) Паўстань! Давай выйдзем адсюль! Бо ты – ува мне, а я – у табе, як адна і непадзельная асоба”.
Гэтай цытатай са Старажытнай пропаведзі Эпіфанія Кіпрыйскага распачынаецца выпуск падкаста “Эфата”. Асаблівасць гэтай пропаведзі ў тым, што яна ўяўляе сабой прамову Хрыста да Адама, да першачалавека. А праз Адама яна скіравана да кожнага і кожнай з нас. Гэта пропаведзь дазваляе нам адчуць значэнне свята Пасхі для нас асабіста, нас, якія прывыклі думаць аб сабе як “смяротных істотах”, як тых, каму наканавана раней ці пазней памерці.
“Паўстань! Давай выйдзем адсюль!” – гэтыя словы, прамоўленыя змёртвыхпаўсталым Хрыстом да Адама, вельмі моцныя і вельмі важныя. Гэта тыя словы, якія мы пачуем тады, калі ўрэшце рэшт будуць прарваны нашы зямныя мары, планы і памкненні. Гэта тыя словы, якія пачуюць нашы родныя і сябры.