Аборты. У чыіх інтарэсах?
У гэтым выпуску аўтар працягвае разважаць над тэмай святасці жыцця. Падчас адной з папярэдніх перадач ён выказаў думку, што ў сваім імкненні да аховы кожнага чалавечага жыцця мы не можам рабіць стаўку толькі на заканадаўчыя забароны, а імкнуцца да больш справядлівага размеркавання адказнасці за зачатае дзіця. Патрэбна такое размеркаванне адказнасці, якое б дазволіла жанчынам рэалізоўваць свае жыццёвыя прыярытэты, у тым ліку ў абшары адукацыі, кар’еры, бізнесе або грамадскай дзейнасці.
У гэтым падкасце аўтар падыходзіць да гэтай справы з іншага боку. Ёсць такое ўстойлівае меркаванне, што нязгода на аборты – гэта тыпова мужчынская пазіцыя, у той час як з перспектывы жанчын – гэта права, неад’емная складовая эмансіпацыі жанчын. Маўляў, калі хтосьці выступае супраць абортаў, то выражае пазіцыю кансерватыўных мужчын, якія хочуць прывязаць жанчын да традыцыйных роляў (кухня, дзеці, царква), якія хочуць не дапусціць іх у публічную сферу, каб было больш месца для іх – мужчын – самарэалізацыі. Карацей кажучы, пазіцыя prolife – у інтарэсах мужчын, пазіцыя prochoice – у інтарэсах жанчын.
Аўтар аналізуе даныя сацыялагічных апытанняў у розных краінах і сцвярджае, што апазіцыя да абортаў не з'яўляецца выключна мужчынскай пазіцыяй. Наадварот, жанчыны часта больш крытычна ставяцца да абортаў і падтрымліваюць іх абмежаванне.