Пошук

Пантыфік: свету патрэбны чалавечы інтэлект, асветлены мудрасцю

Леў XIV заклікаў заканадаўцаў мудра накіроўваць развіццё штучнага інтэлекту на служэнне чалавечай годнасці і агульнаму дабру, перасцерагаючы ад ператварэння яго ў інструмент эксплуатацыі і новага каланіялізму.

Марыя Валодзіна - Vatican News

21 жніўня 2026 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў XVII Штогадовай сустрэчы Міжнароднай сеткі каталіцкіх заканадаўцаў, сярод якіх былі кардыналы Крыстаф Шонбарн і Чарльз Маунг Бо. Тэма сустрэчы: “Чалавечая годнасць і штучны інтэлект: выклікі, магчымасці і кантроль”.

Пантыфік адзначыў, што надзвычайны прагрэс штучнага інтэлекту ставіць чалавечую сям’ю перад вырашальным выбарам: узвесці новую Вавілонскую вежу, дзе моц, эфектыўнасць і кантроль засланяюць аблічча чалавечай асобы, альбо пабудаваць цывілізацыю, у якой тэхналогіі служаць усебаковаму развіццю кожнага чалавека.

На думку Папы, пакліканне заканадаўцаў ставіць іх у цэнтр гэтага выкліку. Разумнае заканадаўства павінна не перашкаджаць інавацыям, а мудра іх накіроўваць, заахвочваць навуковую і тэхналагічную творчасць, адначасова абараняючы фундаментальныя правы і свабоды чалавека. Заканадаўства павінна ахоўваць карыстальнікаў ад эксплуатацыі, забяспечваць недатыкальнасць прыватнага жыцця, гарантаваць празрыстасць у выкарыстанні найноўшых тэхналогій і клапаціцца пра тое, каб яны ўмацоўвалі дэмакратычныя інстытуты. Дзеля гэтага неабходны трывалыя прававыя рамкі, незалежны нагляд, інфармаваныя карыстальнікі і палітычная сістэма, якая не здымае з сябе адказнасці ("Magnifica humanitas", 106), - нагадаў Святы Айцец.

Леў XIV перасцярог ад рызыкі ператварэння штучнага інтэлекту ў яшчэ адзін сродак ідэалагічнага ці эканамічнага каланіялізму і панавання, калі бедныя краіны становяцца ўсё больш залежнымі ад багатых, а алгарытмы вырашаюць, хто бачны, а хто нябачны.

Супраць гэтага культу ўлады Касцёл прапануе цывілізацыю любові, якая б мудра кіравала штучным інтэлектам шляхам выхавання сэрцаў, здольных да міласэрнасці, спагады і адказнасці. У такім грамадстве першай школай чалавечнасці з’яўляецца сям’я. Папа заклікаў заканадаўцаў спрыяць палітыцы, якая ўмацоўвае сужэнства і сем’і, падтрымлівае бацькоў у іх выхаваўчай місіі і дазваляе моладзі з упэўненасцю глядзець у будучыню.

Свету патрэбны не штучны інтэлект, які аслабляе чалавечнасць, а чалавечы інтэлект, асветлены мудрасцю, палітычная ўлада, заснаваная на сумленні, і тэхналагічныя інавацыі, натхнёныя міласэрнасцю. Толькі тады штучны інтэлект стане не супернікам чалавецтва, а слугой агульнага дабра, - сцвердзіў Папа.

21 жніўня 2026, 11:03