Леў XIV: "Рыцары Калумба" – прыклад еднасці і міласэрнасці
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Леў XIV звярнуўся з відэапасланнем да ўдзельнікаў 144-га Вярхоўнага з'езду (Supreme Convention) брацтва "Рыцары Калумба", які праходзіць з 4 жніўня 2026 года ў Дэнверы, штат Каларада.
Пантыфік перадаў духоўную блізкасць таксама тым, хто далучыўся да цырымоніі адкрыцця праз інтэрнэт. Ён прапанаваў удзельнікам сустрэчы, якая праходзіць пад дэвізам "У Адзіным мы – адно" (In The One, We Are One), кароткае разважанне пра дзве асноватворныя цноты гэтага мужчынскага каталіцкага руху – еднасць і міласэрнасць.
Гаворачы пра еднасць, Папа нагадаў, што на Апошняй Вячэры Хрыстус маліўся за сваіх Апосталаў, "каб усе былі адно" (пар. Ян 17, 21), і гэты дар прызначаўся не толькі ім, але і ўсім, хто паверыць праз іх слова.
Ён заклікаў "Рыцараў Калумба" сведчыць пра такую згоду ў сем'ях, парафіях і супольнасцях, дзе яны служаць, дадаўшы, што ў часы, калі так часта пануюць падзелы і вострая рыторыка, свету патрэбны "прарокі згоды", здольныя будаваць масты і шукаць прымірэння.
Другой цнотай, пра якую разважаў Папа, стала міласэрнасць. Ён заўважыў, што справы дапамогі бліжняму нярэдка становяцца шляхам да еднасці: паміж тымі, хто дапамагае, і тымі, хто атрымлівае падтрымку, а таксама паміж тымі, хто разам працуе дзеля братоў і сясцёр, узнікае асаблівая згода.
Папа звярнуўся да гісторыі самой арганізацыі, заснаванай благаслаўлёным святаром Майклам Макгіўні: ужо больш за стагоддзе "Рыцары Калумба" сведчаць пра любоў Хрыста ненароджаным дзецям, цяжарным жанчынам, пераследаваным хрысціянам, ахвярам вайны і гандлю людзьмі, бедным і бездапаможным.
Леў XIV выказаў глыбокую ўдзячнасць за пастаянную шчодрасць Брацтва да самых абдзеленых людзей і выказаў спадзяванне на тое, што намаганні яго чальцоў і надалей будуць прыносіць плён.
