Пантыфік да вальдэнсаў: разам сведчыць пра свабоду дзяцей Божых
Марыя Валодзіна - Vatican news
У пасланні, падпісаным кардыналам Дзяржаўным сакратаром П’етра Паралінам, звяртаецца ўвага на выклікі, звязаныя з развіццём новых тэхналогій і штучнага інтэлекту. У кантэксце лічбавай рэвалюцыі, якая стварае ўражанне пераадолення меж чалавечых магчымасцей, Папа заклікае хрысціян разам сведчыць пра свабоду чалавека, створанага на вобраз і падабенства Божае.
Як сцвярджаецца ў энцыкліцы “Magnifica humanitas”, тэхналагічны прагрэс не павінен адбывацца коштам чалавечай годнасці і духоўнага жыцця. Неабходна “развіваць тэхналогіі, не дапускаючы дэградацыі сэрца”, - падкрэслівае Пантыфік. З гэтым пажаданнем ён заклікае дары Духа і Божае благаслаўленне для ўдзельнікаў Сінода.
Сінод метадысцкіх і вальдэнскіх Цэркваў праходзіць у Торэ-Пелічэ (П'емонт) з 22 да 26 жніўня. Удзельнікі асамблеі абмяркоўваюць і вызначаюць прыярытэты і перспектывы далейшай дзейнасці. На парадку дня – пытанні міру, сацыяльнай справядлівасці, экуменізму, правоў чалавека, абароны найбольш уразлівых, устойлівага развіцця, а таксама выклікі, якія сучасны свет ставіць перад хрысціянскім сведчаннем.
