Пантыфік атрымаў кнігу пра чалавека, які бачыў сэнс жыцця ў любові
Марыя Валодзіна - Vatican News
Сустрэча адбылася 18 жніўня 2026 года ў Кастэль-Гандольфа. Пакідаючы сваю загарадную рэзідэнцыю, каб вярнуцца ў Ватыкан, Папа спыніў аўтамабіль, апусціў акно і запрасіў Элізабет да размовы. Скарыстаўшыся магчымасцю, яна ўручыла яму асобнік кнігі. Пра сустрэчу паведаміў Себасцьян Сансон Ферары з іспанскай рэдакцыі “Vatican News”.
Элізабет Аргемі працуе медсястрой у афтальмалагічнай клініцы ў Барселоне. Яна распавяла Пантыфіку пра свайго брата Хаўера, які, нягледзячы на цяжкую хваробу, вельмі любіў жыццё. Ён часта казаў, што адчувае сябе любімым і сам моцна любіць іншых. Менавіта ў любові Хаўер бачыў сэнс свайго жыцця. Ён дапамагаў многім людзям, і пасля яго смерці шмат з іх прыйшлі развітацца з ім. “Ён пражыў вельмі святое жыццё”, - заўважыла жанчына.
Папа выслухаў Элізабет і ўзяў кнігу. “Ён уважліва глядзеў на мяне, з цікавасцю і пяшчотай, як бацька на дачку”, - падзялілася яна ўражаннямі ад сустрэчы. Жанчына хацела перадаць кнігу раней, падчас апостальскага падарожжа ў Іспанію ў чэрвені 2026 года, аднак зрабіць гэтага не ўдалося. Сустрэча ў Кастэль-Гандольфа дазволіла ёй здзейсніць задуманае.
Апісаная ў кнізе гісторыя Хаўера Аргемі, сведчыць пра жыццё, абмежаванае цяжкай хваробай, але не пазбаўленае сэнсу. Пасля смерці брата Элізабет працягвае дзяліцца яго сведчаннем пра тое, што любоў надае сэнс чалавечаму жыццю нават перад абліччам цяжкіх выпрабаванняў.
