Пошук

EUROPE-MIGRANTS/GREECE-LESBOS

Пасланне Папы: прыняць непаўналетняга мігранта – прыняць Хрыста

14 жніўня 2026 года ў Ватыкане абнародавалі пасланне Льва XIV на 112-ы Сусветны дзень мігранта і бежанца. У ім Папа засяродзіў увагу на абароне непаўналетніх і заклікаў бачыць у кожным дзіцяці самога Хрыста.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сусветны дзень мігранта і бежанца будзе адзначацца 27 верасня 2026 года. Тэмай 112-га форуму Леў XIV абраў евангельскія словы: "Нават адно такое дзіця". Яны адсылаюць да слоў Евангелля Мацвея: “І калі хто прымае адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае” (Мц 18, 5).

Драматычная рэальнасць дзяцей-мігрантаў

У пасланні Святы Айцец звяртае ўвагу на дзяцей і падлеткаў, якія пакутуюць ад войнаў, беднасці і гвалту. Мільёны непаўналетніх штогадова вымушаныя пакідаць сваю Радзіму. Гэта трагічная рэальнасць выклікае клопат усяго Касцёла.

Непаўналетнія становяцца найбольш уразлівымі ў міграцыйных патоках. У пасланні прыгадваюцца словы Папы Францішка з 2017 года пра тое, што такія дзеці "тройчы безабаронныя, бо яны непаўналетнія, чужынцы і бяззбройныя". Шмат хто з іх губляе бацькоў, пакутуе ад гвалту, гандлю людзьмі і эксплуатацыі. Леў XIV нагадвае, што кожнае дзіця мае бязмежную годнасць і створана паводле вобраза Божага.

Асобная ўвага – правам дзіцяці

У тэксце падкрэсліваецца важнасць абароны фундаментальных правоў дзіцяці – на жыццё, адукацыю і паўнавартаснае фізічнае, духоўнае і сацыяльнае развіццё. Бог чуе плач прыгнечаных і заклікае кожнага не заставацца абыякавым.

Папа заклікае ператварыць прыняцце з абстрактнай канцэпцыі ў сталую душпастырскую практыку. Хрысціянскія супольнасці павінны садзейнічаць інтэграцыі непаўналетніх і папярэджваць іх адзіноту.

Пытанне выходзіць за межы адной канфесіі ці рэлігіі

Уразлівасць непаўналетніх, перакананы Святы Айцец, павінна аб’ядноўваць вернікаў розных канфесій для стварэння сеткі абароны і прадухілення радыкалізацыі. Грамадскія інстытуты мусяць ставіць на першае месца вышэйшы інтарэс непаўналетняга, скіроўваючы намаганні на ўзз’яднанне сем’яў.

У сваім пасланні Леў XIV падкрэслівае патрэбу ліквідаваць прычыны, якія змушаюць дзяцей і падлеткаў пакідаць свае краіны, і забяспечыць абарону мігрантаў у краінах транзіту.

Папа давярае ўсіх непаўналетніх мігрантаў заступніцтву Найсвяцейшай Дзевы Марыі, якая разам са святым Юзафам і Дзіцяткам Езусам спазнала суровы досвед выгнання ў Егіпет.
 

14 жніўня 2026, 12:21