Пошук

Падчас папскай аўдыенцыі для дэлегацыі Вайсковага ардынарыяту Партугаліі Падчас папскай аўдыенцыі для дэлегацыі Вайсковага ардынарыяту Партугаліі  (@VATICAN MEDIA)

Леў XIV нагадаў партугальскім вайскоўцам пра сілу пакоры

Леў XIV сустрэўся ў Ватыкане з дэлегацыяй Ваеннага ардынарыяту Партугаліі і заклікаў вайскоўцаў чэрпаць сілу ў Хрысце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

24 жніўня 2026 года Папа прыняў дэлегацыю Ваеннага ардынарыяту Партугаліі. Яна прыбыла ў Ватыкан з нагоды 60-годдзя заснавання адмысловага вікарыяту, які ў 1981 годзе стаў Ваенным ардынарыятам, а таксама 25-годдзя прызначэння яго першага ўласнага біскупа.

Папа выказаў надзею на тое, што Ардынарыят і надалей будзе служыць духоўнаму дабру вайскоўцаў, супрацоўнічаючы з дзяржаўнымі, урадавымі і вайсковымі ўладамі.

Святы Айцец асабліва ўзгадаў двух маладых вайскоўцаў, якія загінулі ў мінулую пятніцу, калі спыніліся ў дарозе, каб дапамагчы іншым. Ён даручыў іх Богу разам з сем'ямі. Папа таксама перадаў прывітанне ўсім – хрысціянам і нехрысціянам – хто служыць у сухапутных войсках, ваенна-паветраных сілах, ваенна-марскім флоце, Рэспубліканскай нацыянальнай гвардыі і Паліцыі грамадскай бяспекі Партугаліі.

Падчас аўдыенцыі для дэлегацыі Вайсковага ардынарыяту Партугаліі
Падчас аўдыенцыі для дэлегацыі Вайсковага ардынарыяту Партугаліі   (@Vatican Media)

Звяртаючыся да вайскоўцаў і супрацоўнікаў службаў бяспекі, Леў XIV нагадаў словы святога Паўла: "Будзьце моцнымі ў Пану" (Эф 6, 10). Ён адзначыў, што штодзённая місія вайскоўцаў – абараняць суверэнітэт Айчыны і прававую дзяржаву, клапаціцца пра бяспеку суграмадзян і бараніць іх ад несправядлівасці.

Прыкладам веры і пакоры Папа назваў рымскага сотніка з Евангелля, які, усведамляючы сваю ўладу, перад Хрыстом паказаў "сілу веры і мужнасць пакоры". "Чалавек, колькі б адказнасці ён ні меў і якую б уладу ні ажыццяўляў, заўсёды прагне бясконцасці і вечнасці", - сказаў Леў XIV, падкрэсліўшы, што гэты дар даступны чалавеку ў Езусе Хрысце.

Асобна Святы Айцец звярнуўся да ваенных капеланаў, якім Касцёл давярае духоўнае сталенне вайскоўцаў і паліцэйскіх. Ён заклікаў іх прымаць усіх, слухаць, асвятляць мудрасцю Божага слова, быць побач падчас цэлебрацыі сакрамэнтаў і не забывацца пра сем'і тых, каго яны суправаджаюць.

Напрыканцы Папа падзякаваў усім за працу ў Ваенным ардынарыяце і даручыў іх апецы Маці Божай Фацімскай, пажадаўшы чэрпаць сілы ў Божай радасці.
 

24 жніўня 2026, 11:07