Папа моладзі Мексікі: спыніцца і прысвяціць час Хрысту ў цішыні
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Больш за 10 тысяч маладых людзей сабраліся 15 і 16 жніўня 2026 года ў Мантэрэі на ІІІ Нацыянальны дзень мексіканскай моладзі. Гэта падзея стала важным этапам падрыхтоўкі да Сусветных дзён моладзі ў Сеуле, запланаваных на жнівень 2027 года. Дэвізам форуму былі абраны словы Езуса: "Сведчыце, бо вы ад пачатку са Мною" (Ян 15, 27).
Папа звярнуў увагу на складанасці, з якімі сутыкаецца сучаснае грамадства. Ён заклікаў моладзь прыняць словы Евангелля сваім уласным жыццём. "Толькі ў адзінстве з Хрыстом мы можам зрабіць так, каб свет паверыў у Яго, нават сярод праблем, якія вы бачыце наўкола ў выніку гвалту, абыякавасці і адсутнасці сэнсу", - падкрэсліў Святы Айцец. Паводле яго слоў, менавіта глыбокая сувязь са Збаўцам дазваляе пераадольваць такія выклікі.
Папа назваў форум у Мантэрэі цудоўнай магчымасцю для сустрэчы маладых людзей са сваімі душпастырамі, якая вынікае з супольнасці з Хрыстом. Давяраючы іх мацярынскай апецы Багародзіцы Гвадэлупскай, ён адзначыў, што ў адзінстве з Настаўнікам юнакі і дзяўчаты змогуць заставацца Яго сведкамі і знакам надзеі для свету.
