Літургічнае выхаванне: пасланне Льва XIV
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
З 14 па 19 жніўня 2026 года ў бенедыктынскім абацтве Маўнт-Энжэл у штаце Арэгон праходзіць сустрэча, прысвечаная літургічнаму выхаванню Божага народу. Форум арганізавала Дыкастэрыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў у працяг разваг, распачатых апостальскім лістом "Desiderio desideravi".
Праца пачынаецца з канкрэтных пытанняў
У манаскай абстаноўцы кардыналы, біскупы і свецкія вернікі праводзяць супольную працу, каб вызначыць канкрэтныя і практычныя прапановы. Гэта час духоўнага распазнання, які працягвае шлях, вызначаны Канстытуцыяй "Sacrosanctum Concilium".
У сваім пасланні на імя прэфекта дыкастэрыі кардынала Артура Рошэ Святы Айцец падкрэсліў патрэбу ў пастаянным выхаванні духавенства і свецкіх. Леў XIV нагадаў, што літургічная фармацыя "не з'яўляецца спецыялізацыяй для некалькіх экспертаў, але ўнутранай настроенасцю ўсяго Божага народу". Ён заклікаў шукаць канкрэтныя шляхі літургічнага навучання на кожным узроўні ў Касцёле.
Адначасова Папа адзначыў прыярытэт у падрыхтоўцы святароў, пакліканых быць містагогамі і суправаджаць вернікаў у спазнанні святых таямніц.
У цэнтры разваг застаецца штонядзельная Эўхарыстыя
Галоўнай практычнай магчымасцю для літургічнага выхавання Леў XIV назваў штонядзельную Эўхарыстыю, у цэнтры якой стаіць Велікодная таямніца. Імша павінна спрыяць глыбокаму разуменню "ars celebrandi" як з боку святара, так і з боку ўсёй супольнасці.
Папа заклікаў захоўваць вернасць зацверджаным тэкстам і інструкцыям, згадваючы свае катэхезы пра Канстытуцыю "Sacrosanctum Concilium". Ён падкрэсліў важнасць павагі да абрадаў, уведзеных ва ўжытак святым Паўлам VI і святым Янам Паўлам II. Паводле меркавання Льва XIV, гэта павага вынікае з "унутранай адкрытасці і даверу да Бога, праяўляючы пакору перад Яго вялікасцю і шчырую вернасць касцельнай супольнасці".
Святы Айцец даверыў працу сустрэчы заступніцтву Марыі, Стальцы Мудрасці.
