Падчас папскай аўдыенцыі для супрацоўнікаў і падапечных Федэрацыі "Marsodeto" Падчас папскай аўдыенцыі для супрацоўнікаў і падапечных Федэрацыі "Marsodeto"  (@VATICAN MEDIA)

Папа сустрэўся з іспанцамі, якія служаць людзям з інваліднасцю

Леў XIV сустрэўся з прадстаўнікамі іспанскай федэрацыі “Marsodeto” і падзякаваў ім за 45 гадоў служэння людзям з інтэлектуальнай інваліднасцю і дзіцячым цэрэбральным паралічам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

24 жніўня 2026 года Папа прыняў у Ватыкане прадстаўнікоў федэрацыі “Marsodeto” з Таледа, якія прыбылі ў Рым з пілігрымкай. Аўдыенцыя была прымеркавана да 45-годдзя арганізацыі. Святы Айцец падзякаваў дабрачынцам за плён іх служэння і папрасіў Бога і надалей благаслаўляць іх працу.

Леў XIV назваў такое служэнне нялёгкім і часта нябачным для іншых. Ён нагадаў, што ў абліччы кожнага чалавека можна адкрыць самога Езуса Хрыста. " Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі" (Мц 25, 40), - прывёў словы з Евангелля Святы Айцец. Ён адзначыў, што ўменне ўбачыць у жыцці найбольш слабых і ўразлівых позірк Хрыста дапамагае расці чалавечаму і хрысціянскаму грамадству.

Супольнае фота з супрацоўнікамі і падапечнымі Федэрацыі "Marsodeto"
Супольнае фота з супрацоўнікамі і падапечнымі Федэрацыі "Marsodeto"   (@Vatican Media)

Федэрацыя “Marsodeto” працуе з людзьмі з інтэлектуальнай інваліднасцю і дзіцячым цэрэбральным паралічам. Папа адзначыў такія рысы яе дзейнасці, як салідарнасць, абарона чалавечай годнасці і поўнае ўключэнне чалавека ў грамадства. Ён таксама нагадаў пра ксяндза Марсэліна Касаса Пуэнтэ, які больш за 40 гадоў таму пачаў справу, што тады здавалася марай: каб ніводная сям'я, у якой ёсць чалавек з інтэлектуальнай інваліднасцю, не заставалася без падтрымкі.

Напрыканцы Леў XIV даручыў супрацоўнікаў, валанцёраў і падапечных “Marsodeto” мацярынскай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі і пажадаў, каб іх Федэрацыя заставалася важнай справай для Касцёла і грамадства.
 

24 жніўня 2026, 11:19