Святы Айцец нагадаў пра сілу літургіі ў хрысціянскім жыцці
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
24 жніўня 2026 года ў Катаніі пачаўся 76-ы Нацыянальны літургічны тыдзень, прысвечаны тэме "Касцёл, які нараджае. Літургія і хрысціянскае ўвядзенне". З гэтай нагоды Леў XIV скіраваў удзельнікам пасланне, падпісанае кардыналам-дзяржсакратаром П'етра Паралінам.
Увядзенне ў хрысціянскае жыццё нельга разумець толькі як падрыхтоўку да сакрамэнтаў
Папа нагадаў, што ўвядзенне ў хрысціянства нельга разумець толькі як падрыхтоўку да сакрамэнтаў. Гэта "ўлонне", у якім супольнасць нараджае да веры і ўводзіць у пасхальнае жыццё, еднасць з Панам і братэрства.
Святы Айцец звярнуў увагу на глыбокую сувязь катэхезы і цэлебрацыі літургіі, якая з самага пачатку адзначала плённасць Касцёла як Абранніцы Хрыста. Ён заклікаў вяртацца да гэтай крыніцы і ў хрысціянскай фармацыі адкрываць каштоўнасць літургіі, у якой таямніца Хрыста "ахоплівае нас, перамяняе і робіць новымі стварэннямі".
Асаблівую ўвагу Папа надаў жэстам і сімволіцы, якія дапамагаюць вернікам глыбей удзельнічаць у літургіі і адкрываць сэрца на сапраўднае дзеянне Бога.
Без сведчання братэрскай міласэрнасці літургія і абвяшчэнне Евангелля губляюць сваю сапраўднасць
Літургія – гэта дзеянне ўсяго Касцёла, які ў ёй выяўляецца як адзінае Цела. Таму, як заўважыў Святы Айцец, яна выхоўвае да еднасці, але патрабуе і належнага стаўлення да самога літургічнага дзеяння. Важна вучыць людзей паважаць і захоўваць абрады, дапамагаючы ім як мага паўней адкрываць багацце іх сэнсу.
Іншая, паводле пераканання Льва XIV, істотная справа – непарыўная сувязь паміж літургіяй і братэрскай міласэрнасцю. У пасланні згадваюцца словы Папы Францішка пра тое, што літургічная цэлебрацыя павінна весці да евангелізацыі, а абвяшчэнне Евангелля – да сустрэчы з Уваскрослым у літургіі. Без сведчання міласэрнасці і адно, і другое губляе сваю сапраўднасць.
У тэксце названы тры неабходныя ўмовы, каб літургія сапраўды была прасторай, дзе нараджаецца хрысціянскае жыццё: гасціннасць, містыка і сведчанне жыццём, і толькі ў такім выпадку “вера, якая нараджаецца ад алтара, зможа выйсці на шляхі чалавецтва, прыносячы плён дабра, згоды і міру".
