Святы Айцец пра жыццё, сям'ю і выхаванне моладзі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У другой частцы агульнай аўдыенцыі 26 жніўня 2026 года Папа звярнуўся да вернікаў розных моў, закранаючы пытанні, якія датычацца жыцця Касцёла і грамадства.
Асабліва выразна грамадскі змест прагучаў у прывітанні польскіх пілігрымаў, калі Святы Айцец духоўна далучыўся да ўдзельнікаў урачыстасцяў у Чэнстахове з нагоды аднаўлення Яснагурскіх абяцанняў польскага народа праз 70 гадоў пасля іх прыняцця.
Папа нагадаў пра змешчаную ў іх праграму маральнага абнаўлення грамадства – праз абарону чалавечага жыцця, клопат пра сужэнства і сям'ю, а таксама выхаванне дзяцей і моладзі. Ён пажадаў, каб гэтыя прынцыпы і надалей натхнялі намаганні дзеля справядлівасці і братэрства.
Асобныя звароты Папа прысвяціў таму, як вера павінна выяўляцца ў жыцці хрысціяніна. Маладым, якія прынялі канфірмацыю, ён нагадаў, што дар Духа Святога "не з'яўляецца скарбам, які трэба хаваць", але святлом, якое павінна ззяць кожны дзень. Звяртаючыся да моладзі, хворых і маладых сужэнцаў, Леў XIV паставіў перад імі прыклад святой Монікі і святога Аўгустына, заахвоціўшы да шчырага і гарачага пошуку евангельскай праўды, каб сведчыць пра яе ў штодзённым жыцці.
Тэмай некалькіх прывітанняў стала і жыццё касцельнай супольнасці. Партугаламоўных пілігрымаў Папа заклікаў усё больш і больш актыўна ўдзельнічаць у літургічных цэлебрацыях і сілкавацца Целам Езуса, якое захоўвае вернікаў у адзінстве. Нямецкамоўным ён нагадаў, што літургія з'яўляецца вяршыняй дзейнасці Касцёла і крыніцай яго сілы, а франкамоўных запрасіў адкрываць сэрца і розум таямніцы Хрыста, каб праз актыўны ўдзел у літургіі перажываць унутранае перамяненне і адкрываць Яго жывую прысутнасць.
