Леў XIV заклікаў не забываць пра ахвяр трагедый у трох краінах
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
23 жніўня 2026 года пасля малітвы "Анёл Панскі" Папа нагадаў пра эпідэмію Эболы ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, якая, паводле яго слоў, ужо забрала шмат жыццяў. Ён заклікаў міжнародную супольнасць адказаць на гэтую сітуацыю і далучыць да працы па прафілактыцы таксама мясцовыя супольнасці, каб уратаваць як мага больш людзей.
Пантыфік выказаў блізкасць насельніцтву Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, якое аплаквае ахвяр абвалу ў шахце ў Замбоі. Ён маліўся, каб Бог прыняў тых, хто загінуў, і падтрымаў намаганні, скіраваныя на гарантаванне бяспекі і законнасці на горназдабыўных аб'ектах.
Папа таксама нагадаў, што 24 жніўня 2026 года спаўняецца 10 гадоў з дня землятрусу, які адбыўся ў Цэнтральнай Італіі – у Лацыё, Умбрыі і Марке. "Малюся за памерлых і іх сем'і, а таксама за ўсе пацярпелыя супольнасці", - сказаў ён, выказаўшы пажаданне, каб вера і салідарнасць і надалей падтрымлівалі аднаўленне пасля трагедыі.
Напрыканцы Леў XIV сардэчна прывітаў рымлян і пілігрымаў з розных краін, якія сабраліся на Плошчы Святога Пятра. Асобна ён павітаў хор з катэдры ў Гнезне ў Польшчы, семінарыстаў і кіраўніцтва Папскага Паўночнаамерыканскага калегіума, а таксама моладзь з італьянскіх Борміа і Вальфурвы.
