Папа: дабрыня і міласэрнасць здольныя абяззбройваць
Марыя Валодзіна - Vatican News
Вітаючы біскупаў нарвежскай Лютэранскай Царквы, Пантыфік адзначыў, што сучасны свет сутыкнуўся з “асабліва неспакойным перыядам”. Варожасць паміж народамі праяўляецца не толькі ў міжнародных канфліктах і спрэчках, але таксама ўнутры асобных краін, у прыватнасці, у рэзкасці палітычных і грамадскіх дыскусій.
Святы Айцец падкрэсліў, што чалавеку лёгка заняць варожую пазіцыю ў дачыненні да тых, з кім ён не згодны. Таму неабходныя сумесныя намаганні для пошуку канкрэтных шляхоў прымірэння і братэрства.
“Езус паказвае нам іншы шлях, адкрываючы, што дабрыня і міласэрнасць здольныя абяззбройваць”, - сказаў Леў XIV. Ён падзякаваў лютэранскім біскупам за іх прысутнасць у Рыме і за імкненне шукаць шляхі да еднасці, адзначыўшы, што нават невялікія жэсты могуць натхняць і накіроўваць на шлях прымірэння.
Папа нагадаў пра малітву Хрыста аб адзінстве сваіх вучняў: “Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне” (Ян 17,23). Хрост і супольная місія ў свеце з’яўляюцца асновай для сумеснага служэння міру і справядлівасці, - адзначыў ён.
Пантыфік прывёў у прыклад сведчанні ранніх мучанікаў і святых, такіх як святыя Олаф і Суніва. Ён адзначыў, што іх жыццё, прысвечанае Богу і блізкім, спрыяла яднанню народаў і стала трывалым сведчаннем пераўтваральнай сілы міласэрнасці.
У завяршэнне Леў XIV заклікаў маліцца аб Божым благаслаўленні, каб Ён у сваёй бясконцай дабрыні і мудрасці дапамагаў людзям жыць як браты і сёстры і разам сведчыць пра Езуса Хрыста, нашага Збаўцу.
