Папа: дыялог абяззбройвае сэрцы і разбурае муры прадузятасці
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Леў XIV скіраваў прывітанне да кіраўніцтва дыяцэзіяльных рад і рэгіянальных дэлегацый руху “Каталіцкая акцыя” ў Італіі, якія сабраліся ў Бары на сустрэчу пад назвай: “Міжземнаморскія гарызонты: жыць у братэрстве дзеля культуры дыялогу”. У форуме прымаюць удзел каля 700 чалавек, у тым ліку 20 біскупаў.
Пантыфік выказаў надзею, што канферэнцыя дапаможа ўмацаваць усведамленне каштоўнасці цярплівага дыялогу. Ён таксама заклікаў “актывізаваць фармацыйныя працэсы, накіраваныя на стварэнне супольнасцяў, здольных слухаць у духу евангельскай блізкасці”.
Святы Пасад на форуме, які праходзіць з 30 ліпеня па 2 жніўня 2026 года, прадстаўляе кардынал Фабіа Баджа, прапрэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.
Падчас круглага стала на тэму міграцыі ватыканскі іерарх адзначыў, што гэтая з’ява пазначае гісторыю чалавецтва ад самых пачаткаў: вандроўны лад жыцця – гэта тое, што найбольш характарызуе наша існаванне. “Галоўнай прычынай кожнай міграцыі з’яўляецца імкненне да шчасця, якога часта не хапае ў краіне нараджэння. Мы не нараджаемся для таго, каб пакутаваць; Пан хоча, каб мы рэалізаваліся”, - дадаў ён, заклікаючы спрыяць больш чалавечнаму стаўленню да мігрантаў.
Увечары 31 ліпеня ў межах “Міжземнаморскіх гарызонтаў” ў базіліцы святога Мікалая ў Бары адбылося экуменічнае малітоўнае чуванне, якое ўзначаліў кардынал Матэа Дзупі, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі. Ён падкрэсліў важнасць раззбраення сэрцаў і братэрскіх адносін паміж Цэрквамі для садзейнічання міру ў свеце.
“Калі Цэрквы не ставяцца адна да адной як сёстры, народам таксама становіцца цяжэй быць братамі і сёстрамі, а ўсе становяцца слабейшымі перад культурай сілы”, - папярэдзіў італьянскі іерарх.
