Леў XIV: Касцёл патрабуе радасці, адвагі і сведчання моладзі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Святы Айцец скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў VII Нацыянальнага дня моладзі Эквадора, які праходзіць з 31 ліпеня па 2 жніўня 2026 года ў Ібары пад дэвізам: “Будзьце адважнымі: Я перамог свет” (Ян 16, 33).
“Заахвочваю вас пачуць заклік Пана і рашуча ісці за Ім. Сустрэча з Езусам Хрыстом напаўняе сэрца радасцю і дае нам сілу быць сведкамі Яго любові і міласэрнасці”, - сказаў Папа.
“Дарагія сябры і сяброўкі, сёння Касцёл мае патрэбу ў вашай радасці, адвазе і сведчанні, каб многія іншыя маглі сустрэць Хрыста. Дазвольце Яго любові змяніць вас і станьце носьбітамі прабачэння, прымірэння і міру”, - заахвоціў Леў XIV.
Напрыканцы свайго кароткага відэапрывітання Папа даручыў усіх маладых людзей Эквадора апецы Маці Божай. “Няхай Марыя будзе для вас узорам, які натхняе жыць паводле Евангелля і, як Яна, прысвяціць сябе Божаму плану для вашага жыцця”, - сказаў Святы Айцец.
