Леў XIV назваў Сан-Марына "майстэрняй" добрай палітыкі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
22 жніўня 2026 года ў Дзяржаўным палацы Сан-Марына Папа сустрэўся з капітанамі-рэгентамі, прадстаўнікамі ўлад і грамадзянскай супольнасці. Ён нагадаў пра дэвіз рэспублікі "Libertas", адзначыўшы, што свабода народа мае больш глыбокі сэнс, чым толькі палітычнае самавызначэнне. На яго думку, сапраўдная грамадзянская свабода немагчымая без павагі да годнасці і сумлення кожнага чалавека.
Пантыфік згадаў тых, хто ў розных краінах застаецца верным свайму сумленню нават ва ўмовах цяжкіх выпрабаванняў. "Выказваем нашу салідарнасць з тымі, хто сёння асабіста плаціць за тое, што не здрадзіў свайму сумленню", - сказаў ён. Леў XIV таксама падкрэсліў, што свабода здзяйсняецца праз дар, еднасць, сустрэчу і дыялог.
Асобна Папа высока ацаніў удзел Сан-Марына ў будаванні міру і прыхільнасць краіны да дыпламатыі і шматбаковага супрацоўніцтва. Ён назваў невялікую дзяржаву магчымай "майстэрняй" добрай палітыкі, дзе можна чэрпаць натхненне ў прынцыпах сацыяльнага вучэння Касцёла, захоўваючы свецкі характар дзяржавы.
Галоўнай мэтай такой палітыкі, паводле Льва XIV, павінен быць "клопат пра чалавека". Ён звязаў гэта з абаронай кожнага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці і адзначыў традыцыю дапамогі тым, хто пакутуе, у гісторыі Сан-Марына. Папа таксама згадаў падтрымку і гасціннасць, якія Рэспубліка аказала ўкраінскаму народу, асабліва на пачатку канфлікту.
