Пошук

 Леў XIV падчас візіту ў Сан-Марына Леў XIV падчас візіту ў Сан-Марына  (AFP or licensors)

Папа нагадаў католікам Сан-Марына пра сілу еднасці

Леў XIV сустрэўся з касцельнай супольнасцю дыяцэзіі Сан-Марына-Мантэфельтра і заклікаў моладзь, сем’і, духавенства і вернікаў да вернасці Евангеллю і еднасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

22 жніўня 2026 года ў катэдры Сан-Марына, пасля адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і ўшанавання рэліквій святога Марына, Леў XIV сустрэўся з духавенствам, манахамі і прадстаўнікамі касцельнага жыцця дыяцэзіі Сан-Марына-Мантэфельтра.

Папа нагадаў пра спадчыну святых Марына і Льва, якія васямнаццаць стагоддзяў таму абвяшчэннем Евангелля спрыялі нараджэнню культуры і цывілізацыі, у цэнтры якой стаіць чалавечая асоба.

Асабліва Пантыфік звярнуўся да каталіцкай моладзі, заклікаўшы яе не задавольвацца "частковымі і імгненнымі адказамі". "Вашае сэрца – акно, адкрытае ў бясконцасць", - нагадаў ён словы Бэнэдыкта XVI і заклікаў маладых людзей не закрываць гэтае акно. Леў XIV таксама заахвоціў іх не баяцца патрабавальных выбараў – сужэнства, кансэкраванага жыцця, святарства, прафесійнай, грамадскай і палітычнай дзейнасці.

Папа ў катэдры Сан-Марына
Папа ў катэдры Сан-Марына   (@Vatican Media)

Папа падзякаваў святарам, катэхетам і ўсім задзейнічаным у сферы адукацыі, падкрэсліўшы асаблівую ролю сям’і як першага месца выхавання ў веры. Ён заклікаў развіваць супрацоўніцтва паміж сем’ямі і касцельнай супольнасцю, а таксама дапамагаць вернікам адкрываць прыгажосць жыцця ў хросце і сакрамэнтах.

Напрыканцы Леў XIV нагадаў, што адказам на канфлікты, насілле і страх перад іншым павінна быць яшчэ большая вернасць шляху Евангелля. Ён адзначыў каштоўнасць малых супольнасцей, якія ва ўмовах скарачэння насельніцтва і недахопу паслуг падтрымліваюць пачуццё сям’і і еднасці.

"Апошняе слова, якое найбольш блізкае майму сэрцу, – гэта еднасць", - сказаў Папа, заклікаўшы парафіі, пастыраў і вернікаў да адзінства.

Відэа з візіту Папы ў катэдру Сан-Марына


 

22 жніўня 2026, 11:05