Папа на “Сустрэчы сяброўства”: будучыня – абяцанне, а не пагроза

Леў XIV сустрэўся ў Рыміні з удзельнікамі 47-й "Сустрэчы сяброўства паміж народамі", заклікаўшы іх супрацьпаставіць культуры сілы міласэрнасць, дыялог і надзею.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

22 жніўня 2026 года ў вялікай аўдыторыі выставачнага комплексу ў Рыміні Папа сустрэўся з удзельнікамі 47-й "Сустрэчы сяброўства паміж народамі" (Meeting per l'amicizia fra i popoli). Ён нагадаў, што ў сённяшнім свеце мір падтрымліваюць людзі, якія не баяцца сустракацца і весці дыялог. Паводле яго слоў, перад межамі, вызначэннямі і інстытутамі заўсёды стаяць людзі.

Разважаючы над тэмай сёлетняй сустрэчы – "Любоў, якая рухае сонца і іншыя зоркі", – Папа падкрэсліў, што зло нельга перамагчы злом. "Сёння каталіцкая культура павінна супрацьпаставіць фальшываму рэалізму рэалізм міласэрнасці", - сказаў Леў XIV. Ён заклікаў вызваляць культуру ад насілля, адукацыю ад ідэалогіі, працу ад ідалапаклонства прыбытку, а тэхналогіі і фінансы – ад бізнесу, звязанага са смерцю.

Відэа-моманты візіту Папы на "Сустрэчу сяброўства паміж народамі" ў Рыміні

Асобна Пантыфік звярнуўся да маладых людзей, многія з якіх удзельнічалі ў сустрэчы як валанцёры. "Будучыня – гэта абяцанне, а не пагроза", - сказаў ён і заклікаў моладзь не замыкацца ў вузкіх межах уласнай прыналежнасці, а ісці насустрач усім, асабліва самым бедным.

Напрыканцы Леў XIV заклікаў удзельнікаў руху "Камунія і вызваленне" (Comunione e Liberazione), арганізатараў “Сустрэчы сяброўства”, любіць Касцёл і берагчы еднасць.

Ён таксама нагадаў пра важнасць сінадальнасці, у аснове якой ляжаць узаемнае слуханне і супольнае імкненне ісці за Духам Святым. "Сінадальнасць – не назва працэсу, а прырода народа, які ў сяброўстве і сустрэчы з іншым адчувае сваю прыналежнасць толькі Богу", - адзначыў Папа.
 

22 жніўня 2026, 16:33