Папа на Імшы ў Рыміні: усё, што маем, даверана нам дзеля іншых
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
22 жніўня 2026 года Папа ўзначаліў святую Імшу на плошчы каля порта Рыміні. У гаміліі ён разважаў над пытаннем Езуса да вучняў: "А вы кім Мяне лічыце?" і вызнаннем веры апостала Пятра: "Ты – Хрыстус, Сын Бога жывога". Папа нагадаў, што шлях Хрыста – гэта шлях Бога, Які служыць чалавеку, Настаўніка, Які абмывае ногі вучням, і Пастыра, Які аддае жыццё за сваю аўчарню.
У гэтым святле Леў XIV казаў пра ўладу ў Касцёле. "Папа, біскупы, святары і дыяканы першымі пакліканы жыць ёю як служэннем", - адзначыў ён, дадаўшы, што ўвесь Божы народ павінен кіравацца менавіта такой логікай паводле свайго паклікання.
"Усё, чым мы з’яўляемся і што маем, – гэта дар Бога, давераны нам дзеля таго, каб мы былі адно для аднаго прыладамі збаўлення і працавалі дзеля карысці ўсіх", - звярнуўся Пантыфік да вернікаў.
Гэтае пакліканне да служэння, паводле Льва XIV, датычыць і асаблівага паклікання Рыміні як месца, куды штогод прыязджаюць людзі з розных краін на адпачынак. Папа нагадаў, што сапраўдны адпачынак не азначае ўцёкаў ад сябе, і заахвоціў мясцовую касцельную супольнасць развіваць гасціннасць і дапамагаць не толькі тым, хто прыязджае сюды адпачыць, але і людзям, якія, пакінуўшы сваю зямлю, шукаюць прытулку, ежы і падтрымкі.
Напрыканцы Леў XIV паўтарыў словы біскупа Рыміні Нікало Анзэльмі пра малітву, еднасць, слуханне, адвагу, прастату, удзячнасць і прыгажосць як пра стаўленне, што павінна прысутнічаць у кожнай частцы жыцця.
Святы Айцец падзякаваў вернікам за гасціннасць і ўдзел у Эўхарыстыі, даручыўшы іх заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, святога Гаўдэнцыя і іншых святых апекуноў гэтай зямлі.
