Пасланне Папы: кансэкраваныя асобы – эксперты сінадальнасці
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
12 жніўня 2026 года Леў XIV звярнуўся да ўдзельніц штогадовай асамблеі Канферэнцыі настаяцельніц жаночых манаскіх супольнасцей (Leadership Conference of Women Religious) у Злучаных Штатах Амерыкі. Сёлетняя сустрэча праходзіць у 70-ю гадавіну заснавання асацыяцыі.
Разнастайнасць не перашкаджае адзінству
Нягледзячы на розную гісторыю і характар апостальскага служэння шматлікіх манаскіх супольнасцей у Амерыцы, важна развіваць адзінства паміж імі і ва ўсім Касцёле, падкрэсліў Леў XIV. Усе хрысціяне пакліканы будаваць еднасць Хрыста ў сінадальным Касцёле, дзе кожны ўдзельнічае ў адной місіі паводле ўласных харызмы і служэння.
"Асаблівым чынам тыя, хто жыве манаскім жыццём, пакліканы стаць экспертамі сінадальнасці", - сказаў Папа, звяртаючы ўвагу на магчымасці, якія дае супольнае жыццё для практыкавання слухання, дыялогу і распазнавання.
Менавіта такі шлях быў абраны і для сёлетняй асамблеі. У яе працы прадугледжаны сінадальны метад, заснаваны на адкрытасці і гатоўнасці зразумець тое, што кажуць іншыя. Леў XIV выказаў надзею на тое, што праз дыялог удзельніцы змогуць распазнаць, што Дух Святы кажа пра сучаснасць і будучыню кансэкраванага жыцця ў краінах, дзе служаць іх супольнасці.
Будучыня кансэкраванага жыцця залежыць не толькі ад захавання атрыманага досведу
Гаворачы пра тэму асамблеі "Шмат харызмаў, адзін Дух, адно пакліканне", Леў XIV падзякаваў манахіням за іх шматгадовы ўклад у евангелізацыю, адукацыю і клопат пра бедных і адкінутых. "Касцёл мае патрэбу ў вас і ва ўсёй разнастайнасці і багацці форм кансэкраванага жыцця і служэння, якія вы прадстаўляеце", - адзначыў ён, падкрэсліўшы, што сваёй жыццяздольнасцю і сведчаннем жыцця, засяроджанага на Езусе, яны могуць "абудзіць свет".
Асобна Папа заклікаў клапаціцца пра новыя пакліканні. Ён нагадаў, што заклік Хрыста ісці за Ім з непадзеленым сэрцам праз абяцанні ўбогасці, чыстасці і паслухмянасці прыносіць радасць, супакой і паўнату.
Нягледзячы на ўзмацненне секулярызацыі, у свеце расце голад па Богу, адзначыў Леў XIV, спаслаўшыся на свой нядаўні апостальскі візіт у Іспанію. Ён заклікаў манахінь у кантактах з моладдзю дапамагаць ёй пачуць голас Езуса і мужна адказаць на Яго заклік.
Папа пажадаў удзельніцам плённай працы і даручыў асамблею матчынай апецы Марыі, Маці Касцёла.
