Леў XIV: адноўлены Крыж на гары Аміята заклікае ўзняць позірк
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пантыфік накіраваў тэлеграму за подпісам кардынала Дзяржсакратара П’етра Параліна на імя кардынала Аўгуста Паола Лоюдзічэ, біскупа Монтэпульчана-К’юзі-П’енцы. У ёй гаворыцца аб тым, што ён “духоўна далучаецца” да дыяцэзіяльнай супольнасці і яе пастыра з нагоды 80-й гадавіны адкрыцця адноўленага манумента на вяршыні гары Аміята ў Таскане. Крыж быў вернуты да сваёй першапачатковай прыгажосці пасля ран Другой сусветнай вайны.
Леў XIV выказаў пажаданне, каб важная гадавіна спрыяла “адноўленаму ўсведамленню таго, што гэты сімвал адкуплення з’яўляецца пастаянным запрашэннем узняць позірк і крочыць разам шляхамі дабра, салідарнасці і міру. Ён таксама пажадаў, каб “святло крыжа, якое ззяе на вяршыні гары, ззяла таксама ў сэрцах тых, хто на яго глядзіць”, нагадаўшы тым самым пра жэст Пія XII, які 24 жніўня 1946 года па радыёсувязі запаліў святло на адноўленым мануменце.
Крыж вышынёй 22 метры быў узведзены ў пачатку ХХ стагоддзя па ініцыятыве Льва XIII і ўрачыста адкрыты 18 верасня 1910 года. Жалеза, неабходнае для яго будаўніцтва, мясцовыя жыхары дастаўлялі па цяжкапраходных горных сцежках ад населенага пункта на вышыні каля 830 метраў да вяршыні гары на вышыні 1738 метраў. 17 чэрвеня 1944 года крыж быў знішчаны нямецкімі войскамі падчас адступлення. Неўзабаве пачаліся работы па яго аднаўленні, якія працягваліся некалькі месяцаў. У аднаўленні зноў актыўна ўдзельнічалі мясцовыя жыхары. 24 жніўня 1946 года Пій XII па радыёсувязі запаліў агні адноўленага крыжа. У пасланні ён заклікаў спыніць нянавісць і эгаізм народаў і пажадаў чалавецтву трывалага міру.
