Леў XIV і кардынал Эрнэст Сымані Леў XIV і кардынал Эрнэст Сымані  (@Vatican Media)

Леў XIV: ніякая турма не можа аддзяліць чалавека ад Божай любові

Нават у самых цяжкіх абставінах чалавек можа заставацца свабодным у сваім сэрцы, калі мае веру. Ніякія кайданы і турэмныя сцены не могуць адабраць у яго Божую любоў і надзею, нагадаў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Леў XIV даслаў пасланне 97-гадоваму кардыналу Эрнэсту Сымані, які 31 ліпеня 2026 года цэлебраваў святую Імшу ў былым лагеры зняволення ў Спацы, у Албаніі. Іерарх маліўся за людзей, якія там пакутавалі або страцілі жыццё. У часы камуністычнага рэжыму ён сам адбыў у гэтым лагеры большую частку свайго 18-гадовага прысуду да прымусовых работ.

“Гэтае месца, якое засталося ў памяці албанскага народа, з’яўляецца адной з найбольш балючых старонак яго гісторыі. Спац быў месцам, дзе многія неслі цяжкі крыж несправядлівасці”, - заўважыў Папа ў лісце, які быў зачытаны на заканчэнне літургіі.

Кардынал Эрнэст Сымані падчас святой Імшы ў Спацы
Кардынал Эрнэст Сымані падчас святой Імшы ў Спацы

“Хто ведае, колькі малітваў узнялося да Неба з гэтага месца! Колькі просьбаў, прашаптаных у сэрцы! Колькі абліччаў, пазначаных стомай і нястачай, даручылі Пану апошнюю надзею!”, - дадаў ён.

Святы Айцец заўважыў таксама, што нават у самых цяжкіх абставінах чалавек можа заставацца свабодным у сваім сэрцы, калі мае веру. “Ніякія кайданы не настолькі моцныя, каб зняволіць сумленне, асветленае Евангеллем; ніякая ноч не настолькі доўгая, каб перашкодзіць світанку, які Пан рыхтуе для сваіх дзяцей; і ніякая турма не настолькі глыбокая, каб аддзяліць чалавека ад Божай любові”, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік далучыўся да малітвы за ахвяр камуністычнага рэжыму, каб памяць пра гэтых людзей “заставалася жывой і была для новых пакаленняў пастаянным заклікам да абароны непарушнай годнасці чалавечай асобы, каштоўнасці свабоды і імкнення да міру”.
 

01 жніўня 2026, 13:06