Пошук

“Крыж спартсменаў” у Таранта “Крыж спартсменаў” у Таранта   (cem)

Папа: няхай спорт спрыяе будаўніцтву мастоў паміж народамі

Леў XIV заклікаў удзельнікаў XX Гульняў Міжземнамор'я выступаць на спартыўных спаборніцтвах “у духу сяброўства, братэрства і сумленнасці”.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Тэкст тэлеграмы Папы за подпісам кардынала Дзяржаўнага сакратара П’етра Параліна прагучаў увечары 19 жніўня 2026 года падчас святой Імшы ў катэдральным саборы Таранта, дзе напярэдадні адкрыцця Гульняў Міжземнамор'я быў усталяваны "Крыж спартсменаў".

У пасланні, адрасаваным арцыбіскупу Таранта Чыра Мініера, Пантыфік сардэчна прывітаў удзельнікаў урачыстасці і заклікаў з верай глядзець на гэты знак адкуплення, які захоўвае ў сабе чаканні і надзеі, радасці і цяжкасці людзей, якіх аб'ядноўвае досвед спартыўнага жыцця.

Леў XIV таксама пажадаў, каб спаборніцтвы праходзілі “у духу сяброўства, братэрства і сумленнасці” і спрыялі “будаўніцтву мастоў паміж культурамі і народамі”, развіццю гасціннасці, салідарнасці і міру. Святы Айцец запэўніў гульцоў у сваёй малітве і ўдзяліў ім апостальскае благаслаўленне ў знак няспыннай Божай падтрымкі.

Мэрыя Таранта
Мэрыя Таранта   (ANSA)

“Крыж спартсменаў” застанецца ў катэдры Таранта на працягу ўсіх Гульняў. Ён быў перададзены арцыбіскупу Чыра Мініера прадстаўнікамі каманды “Athletica Vaticana” у прысутнасці біскупа Пола Тая, сакратара Дыкастэрыі па культуры і адукацыі, а таксама дзяцей, якія наведваюць парафіяльныя араторыі.

XX Гульні Міжземнамор'я праходзяць у Таранта з 17 жніўня да 3 верасня 2026 года. У іх удзельнічаюць спартсмены з 26 краін рэгіёну, у тым ліку дэлегацыя спартыўнай асацыяцыі Святога Пасада “Athletica Vaticana”.

21 жніўня 2026, 10:49