Пошук

Наступствы паводкі ў Непале Наступствы паводкі ў Непале  (AFP or licensors)

Святы Айцец моліцца за ахвяр паводкі ў Непале

Леў XIV з болем даведаўся пра шматлікія ахвяры і маштабныя разбурэнні, выкліканыя раптоўнай паводкай у Непале.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Свае самыя шчырыя спачуванні сем’ям загінулых Святы Айцец выказаў у тэлеграме, падпісанай кардыналам Дзяржаўным сакратаром П’етра Паралінам. Даручаючы душы памерлых міласэрнасці Усявышняга, ён запэўніў у сваёй духоўнай блізкасці ўсіх, каго закранула трагедыя. Папа моліцца за супрацоўнікаў служб, якія працягваюць выратавальныя работы, і заклікае на ўсіх Божую дапамогу і абарону.

Паводле апошніх даных, у выніку паводкі, якая адбылася ў Непале 26 жніўня 2026 года, загінулі не менш за 290 чалавек. Больш за 1300 лічацца зніклымі без вестак. Стыхія нанесла таксама значныя матэрыяльныя страты: разбураны дарогі, масты, жылыя дамы і аб’екты гідраэнергетычнай інфраструктуры.

Прычыны катастрофы высвятляюцца. Паводле спадарожнікавых здымкаў і сейсмічных даследаванняў, раптоўны разліў ракі Бхотэ-Косі ў раёне Расува непадалёк ад мяжы з Тыбетам і Кітаем мог быць выкліканы абвалам ледавіка ў высокагорным раёне Гімалаяў.

27 жніўня 2026, 13:16