Лагатып падарожжа Льва XIV у Францыю Лагатып падарожжа Льва XIV у Францыю 

Сталі вядомыя праграма і дэвіз падарожжа Папы ў Францыю

Святы Пасад прадставіў праграму, лагатып і дэвіз апостальскага падарожжа Льва XIV у Францыю і яго візіту ў штаб-кватэру ЮНЕСКА.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падарожжа пройдзе з 25 па 28 верасня 2026 года і ахопіць Парыж, Сен-Дэні, Лурд і Мец. Адначасова былі прадстаўлены лагатып і дэвіз будучага візіту – "Каб свет меў жыццё" (Ян 6, 51).

Першы дзень, 25 верасня 2026 года, пачнецца афіцыйнай сустрэчай Папы з Прэзідэнтам Французскай Рэспублікі, пасля якой ён звернецца да прадстаўнікоў дзяржаўных улад, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса. Затым Святы Айцец наведае штаб-кватэру Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА). Увечары ён узначаліць Нешпары ў катэдры Нотр-Дам дэ Пары (Notre-Dame de Paris), а пасля сустрэнецца з моладдзю падчас малітоўнага чування на стадыёне "Стад дэ Франс” (Stade de France) у Сен-Дэні.

Ад сталіцы Францыі да аднаго з найважнейшых марыйных санктуарыяў свету

У суботу, 26 верасня, Папа наведае цэнтр суправаджэння і сацыяльнай інтэграцыі "Мэзон Бакіта" (Maison Bakhita), сустрэнецца з удзельнікамі правінцыяльнай сінадальнай асамблеі, катэхуменамі і неафітамі ў Каталіцкім інстытуце Парыжа, а затым узначаліць святую Імшу на плошчы Згоды. Увечары Святы Айцец прыбудзе ў Лурд, дзе памоліцца ў Гроце аб'яўленняў пры санктуарыі Маці Божай Лурдскай.

Асноўныя падзеі 27 верасня пройдуць у санктуарыі Маці Божай Лурдскай. Святы Айцец сустрэнецца з біскупамі Францыі, узначаліць нядзельную Эўхарыстыю і прамовіць малітву "Анёл Панскі". У праграме таксама прадугледжаны сустрэча з супрацоўнікамі і падапечнымі цэнтра "Акёй Нотр-Дам" (Accueil Notre-Dame), прыватны візіт да манахінь-кармелітанак кантэмпляцыйнага жыцця ў і ўдзел у вячэрняй малітве святога Ружанца разам з традыцыйнай працэсіяй са свечкамі.

Завяршэннем падарожжа стане сустрэча, прысвечаная будучыні Еўропы

Апошні дзень падарожжа, 28 верасня 2026 года, Папа правядзе ў Мецы. Тут ён возьме ўдзел у міжрэлігійнай сустрэчы і форуме "Ля каранёў Еўропы дзеля міру і адзінства", якія адбудуцца ў Кангрэс-цэнтры імя Рабера Шумана, а затым узначаліць Імшу ў катэдры святога Стэфана. Пасля літургіі Святы Айцец накіруецца ў Рым.

Візуальным адлюстраваннем тэмы падарожжа сталі яго лагатып і дэвіз

Лагатып апостальскага падарожжа, таксама як і праграма афіцыйна прадстаўлены ў Ватыкане 7 жніўня 2026 года, адлюстроўвае круглы вітраж, які нагадвае ружы гатычных катэдраў і сімвалізуе прыгажосць еднасці і супольнасці ў Касцёле.

У цэнтры кампазіцыі змешчаны стральчаты праём і Крыж, якія падкрэсліваюць апостальскі і літургічны характар візіту. Голуб са свежай аліўкавай галінкай увасабляе Духа Святога і мір для ўсяго чалавецтва, а колеры флагаў Францыі і Святога Пасада, злучаныя ў адной кампазіцыі, раскрываюць духоўны сэнс падарожжа. Дэвіз "Каб свет меў жыццё" заклікае распазнаць найвялікшы дар Хрыста Збаўцы, умацоўваць надзею, еднасць, прымірэнне і братэрства.
 

07 жніўня 2026, 12:03