Леў XIV уручыць новы медаль за ўклад ва ўстойлівае развіццё
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Аўгустынскі Універсітэт Віланова ў супрацоўніцтве са структурамі Апостальскай Сталіцы заснаваў новую міжнародную ўзнагароду – Медаль за ўклад ва ўстойлівае развіццё імя Папы Льва XIV.
Узнагарода будзе прысуджацца кожныя два гады прадстаўнікам розных сфер і дысцыплін, чыя праца адпавядае цэласнаму бачанню ўстойлівага развіцця і спалучае клопат пра навакольнае асяроддзе з сацыяльнай справядлівасцю, падтрымкай неабароненых слаёў насельніцтва і адказным кіраваннем рэсурсамі.
Першае ўручэнне медаля адбудзецца падчас Міжнароднай канферэнцыі па ўстойлівым развіцці, якая пройдзе з 12 па 15 кастрычніка 2026 года ў Рыме і Кастэль-Гандольфа. Святы Айцец асабіста ўручыць узнагароду пераможцу, імя якога будзе абвешчана ў верасні.
“Медаль за ўклад ва ўстойлівае развіццё імя Папы Льва XIV адлюстроўвае глыбокае перакананне Універсітэта Віланова: клопат пра наш супольны дом і клопат адзін пра аднаго – непадзельныя. Адзначаючы лідэраў, чыя праца садзейнічае як ахове навакольнага асяроддзя, так і агульнаму дабру, мы спадзяемся натхніць на значныя і доўгатэрміновыя грамадскія змены па ўсім свеце”, - заўважыў дырэктар універсітэта айцец Пітэр М. Донах’ю.
Назва медаля мае асаблівае сімвалічнае значэнне. Папа Леў XIV з’яўляецца выпускніком Універсітэта Віланова: у 1977 годзе ён атрымаў у гэтай навучальнай установе ступень бакалаўра навук па матэматыцы, а ў 2014 годзе ўніверсітэт ушанаваў яго тытулам ганаровага доктара гуманітарных навук.
Міжнародная канферэнцыя на тэму “Адказваючы на вокліч Зямлі і бедных”, падчас якой будзе ўручаны першы медаль, пройдзе ў Папскім патрыстычным інстытуце “Аўгустыніянум” у Рыме і Цэнтры вышэйшай адукацыі “Laudato si’” у Кастэль-Гандольфа.
У мерапрыемстве прымуць удзел каля 300 дэлегатаў: навукоўцы, даследчыкі, прадстаўнікі Касцёла, фондаў, а таксама лідары грамадскага і прыватнага сектараў. Канферэнцыя арганізуецца ў супрацоўніцтве з Дыкастэрыяй па служэнні цэласнаму развіццю чалавека і Цэнтрам “Laudato si’”, заснаваным Папам Францішкам.
