Пошук

Афіцыйная пячатка Дзяржава Ватыкан Афіцыйная пячатка Дзяржава Ватыкан  (https://rei.spc.va/csr/573fa76b-06df-4ac4-9efd-9a89f83155aa)

Леў XIV падпісаў новы Асноўны закон Дзяржавы Ватыкан

Леў XIV падпісаў новы Асноўны закон Дзяржавы Ватыкан, які замяняе дакумент 2023 года і набывае моц неадкладна для забеспячэння незалежнасці Апостальскай Сталіцы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

31 ліпеня 2026 года быў абвешчаны новы Асноўны закон Дзяржавы Ватыкан. Сваім рашэннем Леў XIV адзначае патрэбу ўлічыць новыя патрабаванні кіравання і важныя нарматыўныя змены апошніх гадоў.

Дакумент пацвярджае спецыфіку ватыканскага правапарадку і ролю Губернатарата, які служыць Пантыфіку. "З поўняй суверэннай улады і цвёрдым веданнем пастанаўляю і загадваю", - падкрэслівае Папа ў прэамбуле акта. Новы закон поўнасцю замяняе папярэдні дакумент ад 13 мая 2023 года.

Прававы падмурак і размеркаванне ўлады

Згодна з першым артыкулам, Папа мае поўню ўлады кіравання, якае ахоплівае заканадаўчую, выканаўчую і судовую галіны. Дзяржава Ватыкан і яе правапарадак адрозніваюцца ад Рымскай курыі і іншых устаноў Святога Пасада. Заканадаўчыя функцыі ажыццяўляе Папская камісія па справах Дзяржавы Ватыкан, якую прызначае Папа на пяцігадовы тэрмін. Усе прынятыя камісіяй законы перад прамульгацыяй падаюцца на прамы разгляд Пантыфіку. Падчас вакантнасці Апостальскай Сталіцы Калегія кардыналаў забяспечвае бесперапыннасць функцый Дзяржавы, але рэалізуе заканадаўчыя паўнамоцтвы толькі ў выпадку крайняй патрэбы.

Прынцыпы выканаўчай і судовай сістэм

Выканаўчая функцыя ўскладзена на Старшыню Губернатарата, які адначасова ачольвае Папскую камісію. Губернатарат адказвае за грамадскі парадак, ахову здароўя, экалогію, сувязь і захаванне мастацкай спадчыны Ватыканскіх музеяў.

Судовая галіна ажыццяўляецца ад імя Папы Трыбуналам, Апеляцыйным судом і Касацыйным судом. "Пры прымяненні закону суддзя натхняецца прынцыпам справядлівасці, працуе дзеля аднаўлення правоў і спрыяе прымірэнню бакоў", - вызначае артыкул 22. Права даравання амністыі і памілавання застаецца выключнай прэрагатывай Пантыфіка.

Новы закон замацоўвае апісанне дзяржаўнага сцяга, герба і пячаткі з выявай тыяры і ключоў. Пячатка змяшчае афіцыйны надпіс "Дзяржава Ватыкан".

Усе супярэчныя новай пастанове законы, прывілеі і звычаі страчваюць сваю моц. Дакумент набывае моц неадкладна з моманту публікацыі ў газеце “L’Osservatore Romano”.
 

31 ліпеня 2026, 12:30