Леў XIV: маральная веліч народа – у абароне жыцця ўсіх
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Льву XIV была прысуджана Філадэльфійская медаль Свабоды, якая штогадова ўручаецца Нацыянальным цэнтрам Канстытуцыі ЗША. Цырымонія прайшла 3 чэрвеня 2026 года, напярэдадні 250-годдзя заснавання Злучаных Штатаў, у Індэпэндэнс-холе ў Філадэльфіі – месцы, дзе была падпісана Дэкларацыя незалежнасці і Канстытуцыя ЗША. Папа звярнуўся да ўдзельнікаў па відэасувязі з Ватыкана.
Святы Айцец прызнаўся, што адчувае вялікі гонар атрымаць медаль у 250-годдзе Злучаных Штатаў. Ён падкрэсліў, што краіна была заснавана людзьмі, якія марылі пра свабоду і лепшае жыццё, а таксама пажадаў, каб ідэалы Дэкларацыі незалежнасці і надалей вялі яе да росквіту ў адзінстве, справядлівасці і міры.
Папа нагадаў, што ўсе людзі створаны роўнымі і надзелены неад’емнымі правамі – жыццём, свабодай і імкненнем да шчасця. Хоць гэта сфармулявана мовай Асветніцтва, у аснове ляжыць біблійнае разуменне чалавека як створанага па вобразе Бога. Менавіта ў гэтым, па словах Пантыфіка, знаходзіцца падмурак чалавечай годнасці, якая існуе незалежна ад дзяржавы і якую дзяржава павінна абараняць.
Леў XIV нагадаў пра гісторыю ЗША, якая за апошнія 250 гадоў стала сімвалам свабоды і адкрыла свае дзверы для мільёнаў мігрантаў. Гэтае ж імкненне да свабоды натхняла ЗША і ў часы сусветных войнаў абараняць свабоду па-за межамі сваёй тэрыторыі. Аднак шлях да ідэальнага грамадства не быў лёгкім і застаецца незавершаным працэсам, які кожнае пакаленне павінна працягваць нанова, адзначыў Святы Айцец.
Пантыфік падкрэсліў, што першым правам, абвешчаным заснавальнікамі ЗША, было права на жыццё, без якога немагчымыя ні свабода, ні шчасце. Ён заклікаў да культуры павагі да жыцця “ад зачацця да натуральнай смерці” і падкрэсліў, што грамадства павінна прызнаваць каштоўнасць кожнага чалавека.
Леў XIV заўважыў, што свабода – гэта не проста права рабіць усё, што хочацца, але магчымасць ведаць праўду і выбіраць дабро, нават калі гэта патрабуе ахвяры. “Імкненне да праўды, свабоды і шчасця і сёння натхняе людзей задаваць фундаментальныя пытанні пра сэнс жыцця, пра канчатковую мэту і, у рэшце рэшт, пра Бога. Менавіта шчырыя сэрцы імкнуцца адказаць на гэтыя пытанні. Ад гэтых адказаў залежыць кірунак жыцця чалавека”, - сказаў Святы Айцец, падкрэсліваючы важнасць абароны рэлігійнай свабоды.
Папа нагадаў, што Злучаныя Штаты нарадзіліся з разнастайнасці моў, культур і рэлігій, але аб’ядналіся агульнай мэтай і марай. Прынцып “з шматлікіх – адзінае” (E pluribus unum), які стаў дэвізам краіны, ён назваў асновай моцнай нацыі. Без сапраўднага адзінства, заснаванага не на часовых інтарэсах, а на нязменных ідэалах, краіна не можа квітнець, - падкрэсліў Леў XIV, выказваючы надзею, што 250-годдзе ЗША стане момантам аднаўлення прыхільнасці да ідэалаў чалавечай годнасці, роўнасці і свабоды.
