Пошук

Леў XIV падчас малітоўнай сустрэчы “Гімн міру” ў Кастэль-Гандольфа Леў XIV падчас малітоўнай сустрэчы “Гімн міру” ў Кастэль-Гандольфа  (ANSA)

“Гімн міру”: Леў XIV сустрэўся з моладдзю ў Кастэль-Гандольфа

Леў XIV узяў удзел у малітоўнай сустрэчы “Гімн міру” ў Кастэль-Гандольфа, дзе разам з Андрэа Бачэлі і міжнародным хорам заклікаў моладзь шукаць вышэйшыя сэнсы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Увечары 29 ліпеня 2026 года ў Мястэчку "Laudato si’", што месціцца ў Папскіх садах у Кастэль-Гандольфа, адбылася малітоўная сустрэча і свята братэрства пад назвай “Гімн міру” (Cantico di Pace).

Папа далучыўся да гэтай ініцыятывы, арганізаванай Цэнтрам вышэйшай адукацыі "Laudato si’" і Фондам Андрэа Бачэлі ў межах святкавання 800-годдзя з дня спачыну святога Францішка з Асізі.

Леў XIV з Андрэа Бачэлі падчас малітоўнай сустрэчы “Гімн міру” ў Кастэль-Гандольфа
Леў XIV з Андрэа Бачэлі падчас малітоўнай сустрэчы “Гімн міру” ў Кастэль-Гандольфа   (ANSA)

Пад ценем векавога дуба "Матузалем" сабраліся 164 юныя выканаўцы з хору "ABF Voices", якія прыехалі са Святой Зямлі, Уганды і Італіі. Разам з сусветна вядомым тэнарам яны падрыхтавалі духоўную праграму, дзе гучалі творы Францішка з Асізі, біблейскія тэксты і словы Пантыфікаў.

Звяртаючыся да прысутных, Леў XIV падкрэсліў, што прыгажосць спеву здольная суправаджаць чалавека да Бога. Папа параўнаў музыку да ручаю, які вядзе да сваёй крыніцы, і заклікаў моладзь развіваць свае таленты. "Запомніце, што вы былі створаны для вялікіх рэчаў, і цэлага свету не хопіць, каб наталіць вашу прагу сэнсу і шчасця", - звярнуўся Леў XIV да юных удзельнікаў. Ён засведчыў сваю блізкасць і запэўніў у пастаяннай малітве за іх сем’і і краіны, асабліва пра тыя куткі свету, якія пакутуюць ад насілля.

Падчас малітоўнай сустрэчы “Гімн міру” ў Кастэль-Гандольфа
Падчас малітоўнай сустрэчы “Гімн міру” ў Кастэль-Гандольфа   (ANSA)

Праграма імпрэзы падзялялася на чатыры тэматычныя часткі, прысвечаныя Сварэнню, гармоніі паміж народамі, чалавечай годнасці і адзінай веры. Тэксты і малітвы зачытвалі кардынал Фабіё Баджа, сястра Алесандра Смерылі, айцец Франчэска Ельпа, сястра Рафаэла Пэтрыні, арцыбіскупы Флавіё Пачэ і Джон Кенэдзі, а таксама айцец Мануэль Дарантэс.

У выкананні Андрэа Бачэлі і хору прагучалі спевы "Panis Angelicus", "Dolce sentire", "Singing All Together", "Gaelic Blessing" і верш Джані Радары "Месяц у Кіеве". Напрыканцы дзеці прачыталі малітву на розных мовах, просячы аб захаванні саду свету і міры. Мерапрыемства завяршылася супольнай малітвай "Ойча наш" і апостальскім благаслаўленнем.
 

30 ліпеня 2026, 09:19