Леў XIV прыбыў на адпачынак у Кастэль-Гандольфа
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пантыфік прыехаў у мястэчка рэгіёна Кастэлі Рамані ў другой палове дня ў нядзелю, 5 ліпеня 2026 года. Гэтаму папярэднічалі яго суботні пастырскі візіт на Лампедузу і сустрэча з вернікамі на малітву "Анёл Панскі" на Плошчы Святога Пятра.
З балкона сваёй летняй рэзідэнцыі Леў XIV звярнуўся да мясцовых жыхароў, якія з нецярпеннем чакалі яго ў ліпені. "Добры вечар, добры вечар, Кастэль-Гандольфа!" - менавіта з гэтых слоў распачаў прамову Папа. Ён прызнаўся, што вельмі рады быць сярод вернікаў і спадзяецца прысвяціць наступныя тыдні адпачынку, малітве, чытанню і спорту. Пантыфік дадаў, што кожная сустрэча заўсёды застаецца важным момантам братэрскага яднання.
Перад натоўпам, які сустракаў кожнае слова апладысментамі, Леў XIV удзяліў сваё благаслаўленне. "Я таксама запэўніваю вас у сваіх малітвах, заўсёды, але асабліва на працягу наступных тыдняў... няхай Бог заўсёды суправаджае вас!" - сказаў Святы Айцец.
На перыяд адпачынку Святога Айца агульныя, прыватныя і спецыяльныя аўдыенцыі цалкам прыпыняюцца. Яны адновяцца толькі ў сераду 5 жніўня 2026 года, а ліпеньскія нядзельныя малітвы "Анёл Панскі" будуць гучаць на плошчы Свабоды ў Кастэль-Гандольфа.
