Пошук

2026.07.31 Intenzione papa agosto 2026 bielorusso

Папская інтэнцыя: евангелізацыя гарадоў і пераадоленне самоты

Леў XIV прысвяціў малітоўную інтэнцыю на жнівень 2026 года евангелізацыі ў гарадах, заклікаючы вернікаў ствараць супольнасці, дзе ніхто не адчувае сябе нябачным.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

31 ліпеня 2026 года ў Ватыкане была абвешчана малітоўная інтэнцыя Папы на жнівень 2026 года, прысвечаная евангелізацыі ў гарадах. Праз “сусветную сетку малітвы” Леў XIV заклікае вернікаў шукаць шляхі для стварэння прасторы гасціннасці ў асяроддзі гарадской ананімнасці, каб "ніхто не адчуваў сябе нябачным".

Святы Айцец просіць Добрага Пастыра "ўвайсці ў высокія будынкі і сціплыя кварталы" і заставацца поруч з тымі, хто шукае сэнс сярод шуму. Ён заклікае да творчай веры, якая ўвасабляецца ў "простых і прыязных жэстах". Папа імкнецца, каб Касцёл стаў супольнасцю, здольнай даходзіць да перыферый і сеяць братэрства там, дзе пануе абыякавасць.

Гарады становяцца галоўным місійным полем сучаснасці

У адмысловым паведамленні “малітоўнай сеткі” гаворыцца, што сёння амаль 45 працэнтаў насельніцтва свету жыве ў урбанізаваных раёнах, што робіць мегаполісы найбуйнейшай місіянерскай тэрыторыяй.

Дэмаграфічны рост стварае сур'ёзныя сацыяльныя выклікі, ператвараючы кварталы і гандлёвыя зоны ў ананімныя месцы. Асабліва ад гарадской самоты пакутуе моладзь.

Малітва як шлях да ўнутранага пераўтварэння і дзеяння

Міжнародны дырэктар “Сусветнай сеткі малітвы” ксёндз Крыстабаль Фонэс адзначыў, што малітоўны намер заклікае кожнага да глыбокага роздуму. Ён звярнуўся з пытаннем: "Колькі разоў мы бачылі пакутлівае аблічча брата ці сястры і праходзілі міма?" Прадстаўнікі сеткі заклікаюць увасабляць Евангелле ў гарадскім жыцці, дзе людзі працягваюць шукаць Бога.

Гэта папская ініцыятыва падпарадкавана Таварыству Езуса і аб'ядноўвае больш за 22 мільёны вернікаў у больш чым 92 краінах свету. Заснаваная ў 1844 годзе як Апостальства малітвы, арганізацыя была рэарганізавана ў ватыканскі фонд “Сусветная сетка малітвы” ў снежні 2020 года, а яе канчатковы статут быў зацверджаны ў ліпені 2024 года.
 

31 ліпеня 2026, 15:17