Леў XIV: супольнасць – месца асвячэння і натхнення для місіі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
22 ліпеня 2026 года Леў XIV скіраваў пасланне да ўдзельнікаў Нацыянальнай асамблеі Канферэнцыі вышэйшых настаяцеляў мужчынскіх манаскіх супольнасцяў Злучаных Штатаў Амерыкі. Сустрэча праходзіць у Фініксе, штат Арызона, і сёлета мае асаблівае значэнне, бо прымеркавана да 70-годдзя заснавання арганізацыі.
Створаная ў 1956 годзе, сёння Канферэнцыя аб’ядноўвае каля 200 мужчынскіх манаскіх супольнасцяў, якія налічваюць каля 16 тысяч манахаў. Пантыфік падкрэсліў, што юбілей з’яўляецца нагодай падзякаваць Богу за ласкі, атрыманыя на працягу гэтых гадоў.
“Імкнучыся даць прастору для дыялогу і падтрымаць кіраўніцтва супольнасцей, якія ўваходзяць у вашу арганізацыю, вы дапамаглі ўмацаваць публічнае сведчанне кансэкраваных мужчын, якія прысвячаюць сваё жыццё служэнню Евангеллю”, - напісаў ён.
Спаслаўшыся на тэму сустрэчы: “Адзіныя ў Хрысце: жыццё ў супольнасці сёння”, Папа заахвоціў амерыканскіх манахаў “глядзець на жыццё ў супольнасці як на месца асвячэння і крыніцу натхнення, сведчання і сілы ў апостальскай дзейнасці”.
“Менавіта праз дзяленне ўсім, у тым ліку матэрыяльнымі дабротамі, духоўным вопытам, апостальскімі ідэаламі і служэннем міласэрнасці, сярод вас становіцца бачнай схаваная прысутнасць уваскрослага Пана. Спадзяюся, што гэтыя дні разважання, дыялогу і малітвы дазволяць вам распазнаць шляхі паглыблення братэрскай еднасці – як унутры вашых інстытутаў, так і паміж імі, і такім чынам дапамогуць вам надалей несці адзінае, радаснае і сапраўднае сведчанне пра Хрыста ў розных супольнасцях і сферах апостальскага служэння, у якіх вы працуеце”, - пажадаў Леў XIV, запэўніваючы ўдзельнікаў асамблеі ў сваёй духоўнай блізкасці і даручаючы іх сустрэчу заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла.
