Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Леў XIV: кожная тэхналогія павінна служыць праўдзе і дабру

Леў XIV заклікае развіваць камунікацыю, якая ў адказ на новыя магчымасці, прапанаваныя тэхналагічным развіццём, здольная захоўваць годнасць чалавечай асобы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец звярнуўся да ўдзельнікаў VII Міжнароднага семінара па камунікацыі Касцёла, які 27–28 ліпеня 2026 года праходзіць у Папскім каталіцкім універсітэце ў Сант’яга-дэ-Чылі.

Тэма сустрэчы – “Выклікі штучнага інтэлекту”. Форум сабраў прадстаўнікоў Касцёла, журналістаў, спецыялістаў па камунікацыі і навукоўцаў з Лацінскай Амерыкі і Карыбскага рэгіёна. У святле першай энцыклікі Льва XIV “Magnifica humanitas” яны абмяркоўваюць, як штучны інтэлект уплывае на жыццё людзей і на місію Касцёла.

Пантыфік накіраваў удзельнікам семінара пасланне, падпісанае кардыналам-дзяржсакратаром П’етрам Паралінам. У ім ён заклікаў развіваць “камунікацыю, якая перад новымі магчымасцямі, прапанаванымі тэхналагічным развіццём, будзе здольная захоўваць годнасць чалавечай асобы і ставіць кожны інструмент на службу праўдзе і дабру”.

Леў XIV таксама просіць Святога Духа асвятліць разважанні ўдзельнікаў і дапамагчы сустрэць выклікі штучнага інтэлекту “з мудрасцю і адказнасцю, каб камунікацыя Касцёла спрыяла сустрэчы паміж людзьмі і абвяшчэнню Евангелля”, - напісаў кардынал Паралін.
 

28 ліпеня 2026, 15:07