Пошук

2024.08.27  poveri nelle strade

Пасланне Папы да Дня бедных: Касцёл – прытулак абяздоленых

У Ватыкане апублікавалі Пасланне Папы Льва XIV на Сусветны дзень бедных. Святы Айцец заклікаў хрысціянскія супольнасці стаць надзейным прытулкам для абяздоленых людзей.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Новы дакумент Пантыфіка, падпісаны 13 чэрвеня 2026 года ва ўспамін святога Антонія Падуанскага, прысвечаны маштабнаму святкаванню, якое адбудзецца ў Касцёле15 лістапада 2026 года. Тэмай гэтага 10-га Сусветнага дня абраны словы з 14-га Псальма: "Пан – прытулак беднага".

Святы Айцец падкрэслівае, што Божае Слова заклікае праверыць, якое месца займаюць бедныя ў жыцці Касцёла. Сучаснае грамадства часта сутыкаецца з сацыяльнай несправядлівасцю, якая вынікае з карупцыі і страты пачуцця трансцэндэнтнасці. У выніку адсутнасці Бога чалавек пачынае панаваць над іншым, што прыводзіць да пакут і выключэння цэлых народаў.

Лічбавае асяроддзе і новая абыякавасць часта ствараюць прадузятасць вакол тых, хто сутыкаецца з праблемамі.

Сёння крык аб справядлівасці часта заглушаецца хітрай тактыкай, а лічбавая прастора разбудоўвае сцяну глухаты. У гэтых абставінах беднаму чалавеку застаецца толькі звяртацца да Бога з упэўненасцю, што яго голас будзе пачуты. Менавіта ў поўным даверы да Пана адраджаецца пачуццё годнасці і нараджаецца сапраўдная надзея.

Святы Айцец нагадвае, што бедныя здольныя распазнаць самае істотнае, бо яны жывуць гэтым кожны дзень. Нават у ночы адзіноты яны знаходзяць суцяшэнне ў Богу, Які заўсёды застаецца іх надзейнай абаронай.

Прытулак, які абяцаў Бог, у поўні здзейсніўся ў асобе Езуса Хрыста, Які падзяліў чалавечую беднасць аж да крыжа. Збаўца прамаўляе да кожнага: "Прыйдзіце да Мяне, усе стомленыя і прыгнечаныя".

Леў XIV заклікае, каб сучасныя пакінутыя і пазбаўленыя хлеба людзі маглі сустрэць Сына Божага найперш у тых, хто называе сябе хрысціянамі. Менавіта ў Касцёле Езус прапануе хлеб, сяброўства і вяртае годнасць чалавеку. Супольнае дзяленне дарамі становіцца выяўленнем Божага Валадарства, супрацьпастаўленым прагнасці назапашвання багаццяў.

Святы Айцец заклікае Касцёл быць супольнасцю Благаслаўленняў, дзе для малых заўсёды ёсць прывілеяванае месца.

Хрысціянская супольнасць не можа заставацца абыякавай да людзей, якія стаяць каля дзвярэй і застаюцца нябачнымі. У сваёй апостальскай адгартацыі "Dilexi te" Пантыфік нагадаў, што Касцёл павінен быць месцам, якое крочыць разам з беднымі.

Сусветны дзень бедных патрабуе ад вернікаў сур'ёзнага рахунку сумлення і праверкі ўласнай міласэрнасці. Папа настойліва заклікае хрысціян стаць прытулкам для іншых, нагадваючы, што хрысціяне не павінны дзяліць людзей на тых, хто дапамагае, і тых, каму дапамагаюць, бо ўсе з'яўляюцца дарам адно для аднаго.

Васьмісотая гадавіна смерці Францішка Асізскага нагадвае пра яго глыбокае спачуванне да бедных, з якімі ён з радасцю дзяліў лёс і адзенне. Прыклад святога паказвае, што і сёння магчыма адчуваць сапраўдную радасць, калі мы слухаем бедных, а не толькі гаворым пра іх.

Леў XIV выказвае спадзяванне на тое, што сёлетняе святкаванне дапаможа кожнай каталіцкай супольнасці стаць родным домам для тых, хто застаецца ў патрэбе.
 

14 чэрвеня 2026, 14:33