Леў XIV: нестабільнасць абяскроўлівае Усходнія Цэрквы
Аляксандр Панчанка – Vatican News
18 чэрвеня 2026 года Папа прыняў у Ватыкане ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Асамблеі ініцыятыў дапамогі Усходнім Цэрквам (ROACO), падчас якога асабліва ўвага надавалася пытанню фармацыі святароў і манахаў ва ўсходніх семінарыях і калегіумах.
Пантыфік адзначыў важнасць гэтай тэмы, падкрэсліўшы, што “аказваць падтрымку Царкве не значыць толькі забяспечваць яе матэрыяльнымі сродкамі, але таксама дапамагаць ёй узрастаць у яе тоеснасці і евангелізацыйнай сіле, якія грунтуюцца на служыцелях, пакліканых распаўсюджваць яе духоўныя багацці”.
Святы Айцец заўважыў, што спадчына ўсходніх каталіцкіх супольнасцяў вельмі каштоўная для ўсяго Каталіцкага Касцёла. “Наша Маці-Касцёл з’яўляецца адзінай, але не аднастайнай; яе плённае ўлонне нарадзіла розныя духоўныя і тэалагічныя традыцыі, абрады і дысцыпліны, якія ўзаемна ўзбагачаюць адно аднаго”, - нагадаў Папа.
Леў XIV адзначыў, што ўсе старажытныя Усходнія Цэрквы “вяртаюць нас да вытокаў веры, дазваляюць ззяць святлу ласкі праз насычаную сакральнасцю літургію, выяўляюць у набажэнствах праслаўлення таямніцу Бога, якому трэба пакланяцца, сведчаць пра моц заступніцкай малітвы, прапануюць духоўны змест, які напаўняе сэрца захапленнем і ўдзячным здзіўленнем перад прыгажосцю, якую яны адкрываюць”.
“Хрысціянскі Усход можна захаваць толькі тады, калі яго ведаюць: згубіць веды пра яго значыць зрабіць Касцёл бяднейшым. Але каб пазнаць і палюбіць яго, трэба інвеставаць у адукацыю”, - дадаў Папа, нагадаўшы, што яшчэ святы Ян Павел ІІ падкрэсліваў неабходнасць паглыблення ведаў пра “духоўныя традыцыі Айцоў і Доктараў хрысціянскага Усходу; прапаноўваць у семінарыях і на тэалагічных факультэтах адпаведнае навучанне па гэтых прадметах, асабліва для будучых святароў”.
“Дарагія, гледзячы на вас і думаючы пра маўклівае і карыснае служэнне, якое вы выконваеце, і пра многіх дабрачынцаў, якія праз вас накіроўваюць сродкі тым, хто мае патрэбу, я не магу не думаць пра тое, колькі грошай у гэты змрочны гістарычны момант марнуецца на забойствы, выкідваецца тымі, хто распальвае войны. Пакуль вы ствараеце жыццё, яны сеюць смерць; пакуль вы працягваеце руку брату, яны шукаюць ворагаў, якіх трэба знішчыць; пакуль вы будуеце дыялог, яны імкнуцца да маналогаў; пакуль вы адкрываеце шляхі надзеі, яны замыкаюць народы ў страху; пакуль вы будуеце будучыню, яны знішчаюць сучаснасць”, - сцвердзіў Святы Айцец.
Леў XIV згадаў пра міграцыю ўсходніх хрысціянаў з іх родных земляў, выкліканую не толькі войнамі, але і нестабільнасцю, якая працягвае абяскроўліваць перадусім Усходнія Цэрквы, душыць магчымасці развіцця, заўсёды б’е па самых бедных, знішчае надзею і перашкаджае будаванню будучыні.
Пантыфік у чарговы заклікаў усіх паразважаць пра наступствы вайны і нестабільнасці, нагадаўшы, што яны “не з’яўляюцца вынікам непазбежнага лёсу, але свабодных рашэнняў і таму маральна адказных дзеянняў”. “Гісторыя паказвае, што сеткі гвалту і насілля, улады і панавання, несправядлівых і несумленных прыбыткаў абарочваюцца не толькі супраць тых, хто ад іх церпіць, але і супраць тых, хто іх здзяйсняе”, - папярэдзіў Папа
“Будзем маліцца да Езуса, Пана супакою, і будзем абуджаць сумленні, каб яны сталі ўважлівымі да абурэння; каб адрадзіліся павага да чалавечнасці і неабходнае пачуццё цывілізаванасці”, - заахвоціў Святы Айцец.
