Пантыфік заклікаў іспанцаў не баяцца “жыццёвых начэй”
Марыя Валодзіна - Vatican News
Увечары 9 чэрвеня 2026 года на Алімпійскім стадыёне імя Луіса Кампаніса ў Барселоне Леў XIV узначаліў вялікае малітоўнае чуванне з удзелам тысяч вернікаў. У гаміліі ён звярнуўся да евангельскага вобраза Нікадэма, які прыйшоў да Езуса ўначы ў пошуках праўды і святла.
Мы таксама, як Нікадэм, – пілігрымы ўначы, - сказаў Папа. Жыццёвы шлях чалавека – гэта пастаянны пошук любові, праўды і сэнсу. Рухаючыся наперад павольна, маленькімі крокамі, у паўцемры нашага чалавечага стану, мы шукаем святло, якое асветліць гэты шлях.
Нікадэм нагадвае нам і аб тым, што шлях веры заўсёды пераплятаецца з чалавечым жыццём. Бог настолькі палюбіў свет, што паслаў свайго Сына, і ў Ім назаўжды з’яднаўся з намі. Таму ва ўсіх абставінах жыцця чалавек знаходзіцца ў прысутнасці Бога і атулены Яго абдымкамі. І ўсё ж часам вернікі перажываюць “ноч веры” – сумненні, духоўную стомленасць, пачуццё ўласнай неадпаведнасці евангельскаму закліку, расчараванне пасля няўдач і страх апынуцца не на вышыні, - падкрэсліў Пантыфік.
Леў XIV заўважыў, што такія “ночы жыцця” могуць стаць прасторай благаслаўлення, магчымасцю для духоўнага аднаўлення і новага нараджэння. Гэтыя ночы ачышчаюць нас і вяртаюць да самага істотнага, здымаюць з нас маскі, якія мы носім удзень, каб нас не пазналі або каб стварыць вобраз, адрозны ад таго, кім мы ёсць на самой справе. Яны вяртаюць нас да пакоры — здольнасці бачыць сябе праўдзіва.
Пантыфік заклікаў вернікаў “не судзіць ночы” ў жыцці чалавека, Касцёла ці грамадства, а вырушыць у шлях, адкрыцца на подых Святога Духа і прыняць ноч не як знак паразы, а як пачатак новага жыцця.
Святы Айцец заахвоціў вернікаў спытаць сябе: праз якія ночы мы праходзім? Аб чым яны нам гавораць? Да якіх змен мы пакліканы? У чым мы павінны абнавіцца, у якім кірунку жадаем ісці, якое грамадства пабудаваць? “Не пераставайце шукаць, задаваць пытанні і весці дыялог – з Богам і паміж сабой – нават у самым сэрцы ночы”, - сказаў Папа, заклікаючы будаваць краіну, у якой кожнага паважаюць у яго чалавечай годнасці і любяць такім, якім ён ёсць.
