Пошук

Папа: еднасць з Хрыстом дапаможа адказаць на выклікі сучаснасці

Жыць з Хрыстом і клапаціцца пра распаўсюджванне Яго Евангелля, - заклікаў Папа духавенства ў гаміліі падчас Літургіі слова, якую правёў 20 чэрвеня 2026 года ў базіліцы Сан-П’етра-ін-Чэль-д’Ора ў Павіі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік узначаліў набажэнства, у якім узялі ўдзел біскупы рэгіёна Ламбардыя, святары, манахі і манахіні, пастаянныя дыяканы. Пасля літургіі ён ушанаваў рэліквіі святога Аўгустына, якія захоўваюцца ў базіліцы з VIII стагоддзя.

У гаміліі Папа заўважыў, што мясцовая каталіцкая супольнасць паклікана быць уважлівай да знакаў часу і не паддавацца расчараванню перад абліччам выклікаў, звязаных з секулярызацыяй і цяжкасцямі перадачы веры.

“Каб не апускаць рукі, нам патрэбны позірк, напоўнены духам веры, які дапамагае нам разумець рэальнасць глыбей, чым яна здаецца на першы погляд, і не паддавацца негатыўнаму і песімістычнаму настрою, няздольнаму нараджаць новае жыццё. Позірк, які ад нас патрабуецца, – і які дае нам Святы Дух – гэта позірк Езуса. Сярод цяжкасцей і непаразуменняў Ён бачыць прадбачлівую руку Айца ў палявых лілеях і птушках нябесных, сілкуе надзею ў маленькім зерні, якое расце, і заклікае нас узняць вочы і паглядзець на палі, якія ўжо пабялелі для жніва”, - сказаў Папа.

“Калі будзем глядзець з вераю, здолеем распазнаць святло, якім Дух Святы заўсёды асвятляе змрок [...]. Наша вера паклікана да таго, каб заўважыць віно, у якое можа быць перамененая вада, і ўбачыць зерне, якое расце сярод пустазелля”, - нагадаў Леў XIV словы Францішка.

Пантыфік заклікаў ставіць Хрыста ў цэнтр усёй касцельнай дзейнасці, весці людзей да Яго і грунтавацца на Ім, не прывязваючыся да структур і таго, што давала пачуццё бяспекі ў мінулым.

“Самае галоўнае – гэта жыць з Хрыстом і клапаціцца пра распаўсюджванне Яго Евангелля”, - сказаў Папа, раячы гэта “святарам, якія часам могуць адчуваць пачуццё ўнутранай разгубленасці і стомленасці з-за шматлікіх абавязкаў”, а таксама манахам і манахіням, якія часта маюць цяжкасці з актуалізацыяй свайго харызмата і пакліканы “дзяліцца атрыманымі дарамі як з іншымі манаскімі супольнасцямі, так і з усім дыяцэзіяльным Касцёлам”.

Леў XIV адзначыў, што еднасць з Хрыстом дапаможа адказаць на праблемы, якія тычацца перадачы і практыкавання веры. “У той час, калі многія людзі, здаецца, страцілі свой духоўны запал або па розных прычынах больш не могуць знайсці прывабнасці ў хрысціянскай веры для свайго жыцця, мы пакліканы перш за ўсё несці евангельскае пасланне, радаснае і вызваляльнае пасланне Езуса Хрыста, якое раскрывае прыгажосць веры для нашага жыцця і для нашага грамадства”, - сказаў Папа.

Леў XIV заклікаў “суправаджаць людзей у адкрыцці або пераадкрыцці веры”, абвяшчаючы ім самую “сутнасць Евангелля, а менавіта Езуса, які ў сваім уцелаўленні, смерці і ўваскрэсенні адкрывае нам таямніцу Бога і адначасова таямніцу нас саміх”.

“Дарагія, як жывыя камяні, мы пакліканы быць Касцёлам, добра ўкаранёным на сваёй тэрыторыі; Касцёлам, які пілігрымуе пасярод цяжкасцей і спадзяванняў людзей, будучы экспертам у мастацтве слухання і суправаджэння, клапоцячыся пра адносіны з сем’ямі, з тымі, хто рыхтуецца да прыняцця сакрамэнтаў, а таксама з тымі, хто рэдка звяртаецца да жыцця верай ці аддаліліся ад яго”, - заклікаў Святы Айцец.

Леў XIV згадаў таксама пра важнасць касцельных араторыяў, заклікаў падтрымліваць сеткі малых супольнасцей, якія збіраюцца ў дамах для чытання Евангелля і адкрытыя на парафіяльнае і душпастырскае служэнне. Папа пажадаў, каб Касцёл у Павіі служыў бедным, развіваў універсітэцкае душпастырства і дыялог са светам культуры.
 

20 чэрвеня 2026, 16:50