Пантыфік да моладзі: будзьце іскрамі новай чалавечнасці

Любоў – гэта тая цнота, якая найбольш можа змяніць гісторыю, - сказаў Леў XIV на сустрэчы з юнакамі і дзяўчатамі, якой завяршыўся першы дзень апостальскага падарожжа ў Іспанію.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Увечары 6 чэрвеня 2026 года Папа ўзначаліў малітоўнае чуванне з моладдзю, якое ў рамках яго візіту ў Іспанію прайшло на мадрыдскай плошчы Лімы.

Святыя, якія паўплывалі на Папу

Леў XIV распавёў маладым іспанцам пра трох святых, якія паўплывалі на яго жыццё і веру, акрамя святога Аўгустына. Ён вылучыў святога Яна Залатавуста за яго “цудоўную катэхізацыю, якая спалучае ў сабе любоў да праўды з цэласнасцю жыцця” ; святога Тамаша з Вілановы як прыклад палкай любоў да бліжняга, а таксама святога Турыбія Магравэха, місіянера ў Перу, які спалучаў глыбокае малітоўнае жыццё з адданасцю справе справядлівасці, асабліва ў тым, што датычылася злоўжыванняў і карупцыі яго часу.

“Разважаючы над жыццём гэтых святых, я сказаў сабе, як святы Аўгустын: калі яны змаглі гэта зрабіць, чаму не я? (пар. Споведзі, VIII, 27). Гэта пытанне, якім я рады падзяліцца і з вамі, запрашаючы вас выбіраць прыклады добрага жыцця, якія натхняюць як вас, так і іншых”, - звярнуўся да юнакоў і дзяўчат Папа.

Місіянерскае служэнне ў Перу

Затым Святы Айцец падзяліўся ўспамінамі пра гады місіянерскай працы ў Перу. Ён адзначыў, што вера людзей, пазначаная шматлікімі цяжкасцямі, але поўная надзеі, дапамагла яму самому глыбей пазнаць Езуса. “Абвяшчаючы Евангелле, я і сам змяняўся пад яго ўплывам, спазнаючы на ўласным вопыце, як слова Пана прыносіць мір туды, дзе ёсць канфлікт, і становіцца для кожнага крыніцай паяднання і справядлівасці”, - сказаў Леў XIV.

Распазнаць пакліканне

Адказваючы на пытанне пра тое, як распазнаць Божы голас, Папа падкрэсліў важнасць цішыні і малітвы. Менавіта ў цішыні чалавек можа засяродзіцца і сабрацца з думкамі, каб прыйсці да разумення таго, што ідэалогіі мінаюць, а праўда застаецца заўсёды. Пантыфік падкрэсліў, што Бог чуе кожнага чалавека і ведае яго сэрца. Малітва – гэта шчырая размова з Богам, у якой чалавек адкрывае свае думкі і пачуцці. Калі чалавек моліцца ад усяго сэрца, Пан адказвае яму сваім Словам, якое стала чалавекам дзеля нас, паказваючы нам сваю любоў. “Выказвайце тое, што адчуваеце ў сэрцы”, - параіў Святы Айцец. Ідэальным месцам для сустрэчы з Хрыстом ён назваў Эўхарыстычную адарацыю.

Суправаджаць іншых на шляху да веры

XIV заклікаў моладзь сведчыць пра веру ўласным жыццём. Ён падкрэсліў, што ўсе людзі заўсёды застаюцца вучнямі перад Панам, таму важна шчыра дзяліцца сваім духоўным шляхам, сведчачы пра яго аўтэнтычнасцю свайго жыцця. “Пераймайце прыклад Настаўніка: менавіта так я заклікаю вас дзейнічаць, як пастыраў, выхавацеляў і сяброў. Калі вы будзеце маліцца з любоўю, моладзь распазнае важнасць малітвы. Калі ваша вера будзе гарэць унутры вас, вы перадасце яе жывы агонь. Калі вы застаняцеся вернымі свайму пакліканню, вы будзеце адлюстроўваць яго прыцягальную ласку”, - сказаў Папа.

Жыць у сучасным грамадстве

Гаворачы пра місію маладых хрысціян у сучасным свеце, Леў XIV адзначыў, што хрысціяне пакліканы быць “соллю зямлі і святлом свету”. Ён заахвоціў моладзь заставацца вернымі Хрысту, не паддавацца хлусні, страху і модным плыням, будаваць грамадства на праўдзе, справядлівасці і любові.

Папа падкрэсліў, што чалавек не павінен шукаць сэнс жыцця толькі ў багацці, уладзе або задавальненнях. Смак жыцця і ўнутраная свабода бяруць пачатак у веры. Перад абліччам пустэчы абыякавасці і канфармізму, перад гвалтам вайны і хлусні, моладзь паклікана стаць іскрай новай чалавечнасці.

Місія моладзі

Напрыканцы сустрэчы Папа даручыў моладзі місію – быць чалавечнымі. Быць людзьмі, якія шукаюць справядлівасці, бо прагнуць яе, як штодзённага хлеба. Людзьмі, якія жадаюць сумленнага і праведнага жыцця, бо ахвотна робяць іншым тое, што хацелі б, каб іншыя рабілі ім.

Папа нагадаў, што прыкладам сапраўднай чалавечнасці з’яўляецца Хрыстус. Як апосталы і першыя хрысціяне ў язычніцкім свеце, сучасная моладзь таксама паклікана быць місіянерамі Евангелля сярод духоўнай і матэрыяльнай беднасці нашага часу. Асноўнай цнотай, якая можа змяніць гісторыю, Папа назваў міласэрнасць.

06 чэрвеня 2026, 21:40