Папа – журналістам: Касцёл мае пасланне для кожнага чалавека
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Як вы добра ведаеце, гэта першая паездка Папы ў Іспанію за доўгі час, і асабіста я вельмі рады здзейсніць гэтае падарожжа”, - сказаў на пачатку свайго звароту Святы Айцец.
Леў XIV заўважыў, што шмат разоў наведваў Іспанію, але ў якасці Пантыфіка – ўпершыню. “Гэта апостальскі візіт – каб сустрэцца з вернікамі, святкаваць веру, абвяшчаць пасланне Езуса Хрыста, але адначасова і каб прывітаць усіх, усё грамадства, бо Касцёл мае пасланне для кожнага, як вы, думаю, вельмі выразна ўбачылі ў энцыкліцы, апублікаванай 25 мая”, - сказаў Пантыфік, маючы на ўвазе сваю першую энцыкліку “Magnifica humanitas”.
“Таму я спадзяюся, што гэта будзе добрае падарожжа для ўсіх, што яно стане магчымасцю адкрыць для сябе шмат энтузіязму”, - сказаў ён. “З таго, што мне казалі, чакаецца вельмі вялікая колькасць маладых людзей з іх запалам, і я лічу, што, падзяляючы разам радасць веры, мы зможам перадаць вельмі прыгожае пасланне – пасланне, якое ў кожным месцы, куды мы прыбудзем, будзе мець асаблівае значэнне: у Мадрыдзе, Барселоне і на Канарскіх астравах. Але ўсё гэта дзеля таго, каб жыць верай і абвяшчаць пасланне Божай любові, міласэрнасці і павагі да кожнага чалавека”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Журналісты, якія суправаджалі Папу, мелі магчымасць задаць яму некалькі пытанняў, якія датычыліся канфлікту ва Украіне, злоўжыванняў у Касцёле і вайны на Блізкім Усходзе. Пантыфік нагадаў пра неабходнасць імкнення да дыялогу і міру.
Усе прадстаўнікі СМІ атрымалі ў падарунак ружанцы, зробленыя спецыяльна з нагоды падарожжа манахінямі з некалькіх іспанскіх кантэмпляцыйных кляштараў. У сваю чаргу Папу перадалі малюнак ад маленькіх пацыентаў педыятрычнага шпіталя “Bambino Gesù”.
