Леў XIV да езуіцкіх універсітэтаў: адказвайце на выклікі сучаснасці
Марыя Валодзіна - Vatican News
25 чэрвеня 2026 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане рэктараў езуіцкіх каледжаў і ўніверсітэтаў Паўночнай Амерыкі. У прамове ён акрэсліў асноўныя выклікі сучаснасці і заклікаў каталіцкія навучальныя ўстановы актыўна адказваць на іх адукацыяй, духоўным выхаваннем і сацыяльным служэннем.
Пантыфік адзначыў, што сучаснае чалавецтва перажывае эпоху глыбокіх перамен. Грамадствы становяцца ўсё больш секулярызаванымі, а згадкі пра Бога часта выцясняюцца з грамадскай прасторы і сферы масавай культуры. Палітычныя сістэмы не заўсёды адгукаюцца на патрэбы бедных, мігрантаў і ўразлівых. Расце расчараванне сярод моладзі, а стан навакольнага асяроддзя працягвае пагаршацца з-за дзейнасці тых, хто выкарыстоўвае рэсурсы планеты ва ўласных інтарэсах, а не дзеля агульнага дабра.
Гаворачы пра рост уплыву штучнага інтэлекту на жыццё людзей, Папа падкрэсліў, што вышэйшыя навучальныя ўстановы павінны аналізаваць як станоўчыя, так і негатыўныя наступствы новых тэхналогій, а таксама надаваць новы імпульс прынцыпам сацыяльнага вучэння Касцёла для вырашэння праблем лічбавай рэвалюцыі.
Леў XIV паразважаў над чатырма Універсальнымі апостальскімі прыярытэтамі Таварыства Езуса, якія былі пацверджаны ў 2019 годзе. Першы з іх – пошук шляху да Бога праз Духоўныя практыкаванні святога Ігнацыя Лаёлы і распазнаванне. На думку Папы, тыя, хто праводзяць навуковыя даследаванні, вучацца і шукаюць праўду, у канчатковым выніку шукаюць Бога, усведамляюць яны гэта ці не. Ён заклікаў езуіцкія ўніверсітэты і надалей ствараць магчымасці для ўдзелу акадэмічных супольнасцей у Духоўных практыкаваннях.
Гаворачы пра другі прыярытэт – суправаджэнне бедных і тых, хто жыве на ўзбочыне грамадства – Святы Айцец заклікаў адукацыйныя ўстановы не толькі вывучаць праблемы сацыяльнай несправядлівасці, але і прапаноўваць новыя мадэлі грамадскага развіцця, заснаваныя на салідарнасці і агульным дабры. Ён падтрымаў пашырэнне доступу да вышэйшай адукацыі для мігрантаў, бежанцаў і людзей з меншымі сацыяльна-эканамічнымі магчымасцямі, каб яны маглі больш поўна інтэгравацца ў грамадства і ўзбагаціць супольнасць студэнтаў сваім разнастайным вопытам і поглядамі.
Трэцім прыярытэтам Папа назваў суправаджэнне моладзі ў пабудове будучыні, поўнай надзеяй. Ён адзначыў, што навучанне, сяброўскія сувязі і знаёмства з інтэлектуальнай спадчынай вялікіх мысляроў могуць даць студэнтам пачуццё надзеі і абяцанне станоўчых перамен. Леў XIV заклікаў каталіцкія ўніверсітэты працягваць развіваць у студэнтах гэтае пачуццё надзеі, нагадаўшы, што найвышэйшай крыніцай хрысціянскай надзеі застаецца Уваскрасенне Хрыста.
Чацвёрты прыярытэт датычыць клопату пра стварэнне. Святы Айцец заклікаў езуіцкія навучальныя ўстановы быць прыкладамі экалагічнай устойлівасці, прастаты жыцця і ўдзячнасці Богу за Яго дары. Такім чынам яны будуць навучаць уласным прыкладам, а не толькі ў тэорыі, - адзначыў Папа.
Напрыканцы сустрэчы Папа благаславіў кіраўнікоў езуіцкіх каледжаў і ўніверсітэтаў і падзякаваў за служэнне ў сферы адукацыі, пажадаўшы, каб заступніцтва святога Ігнацыя Лаёлы дапамагала ім працягваць традыцыю выхавання людзей, гатовых служыць іншым.
