Папа – нямецкім студэнтам: будзьце сведкамі хрысціянскага гуманізму

Хрысціяне пакліканыя накіроўваць грамадства да Бога і абараняць годнасць кожнага чалавека, - нагадаў Леў XIV падчас аўдыенцыі для каталіцкіх студэнцкіх асацыяцый Германіі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

5 чэрвеня 2026 года Леў XIV прыняў у Ватыкане прадстаўнікоў нямецкіх каталіцкіх студэнцкіх асацыяцый, якія сабраліся ў Рыме на пленарную асамблею. Сустрэча ўпершыню прайшла па-за межамі Германіі.

У прамове Папа падкрэсліў важнасць такіх трох аспектаў, як каталіцкая вера, хрысціянскае адзінства і культурная місія моладзі ў сучасным грамадстве. Ён адзначыў, што непахісная прыхільнасць веры адлюстроўваецца ў чатырох прынцыпах, на якіх грунтуецца дзейнасць асацыяцый: рэлігія, навука, сяброўства і Айчына. На яго думку, каталіцкая вера ў гісторыі Германіі ніколі не была знешнім атрыбутам, а хутчэй ладам жыцця і сведчаннем у навуковым, грамадскім і палітычным асяроддзі.

Папа нагадаў пра годнасць чалавечай асобы ва ўмовах тэхналагічнай рэвалюцыі. Ён падкрэсліў, што чалавек, як тварэнне Божае, пакліканы да адносін і служэння іншым. Ён заклікаў студэнтаў спрыяць агульнай чалавечнасці і будаваць справядлівае і мірнае грамадства, у якім вера і розум разам дапамагаюць распазнаваць ілюзіі сучаснасці.

Гаворачы пра адзінства, Пантыфік згадаў дэвіз арганізацыі: “In necessariis unitas, in dubiis libertas, in omnibus caritas” (“У неабходным – адзінства, у няпэўным – свабода, ва ўсім – любоў”). Ён адзначыў, што сапраўдная каталіцкая супольнасць не абмяжоўваецца абменам ведамі, але выяўляецца ва ўзаемнай павазе, супрацоўніцтве і служэнні агульнаму дабру. Святы Айцец заклікаў моладзь не ісці на кампрамісы з часовай модай і не ставіць асабістыя перавагі вышэй за Традыцыю Касцёла.

Папа заклікаў студэнтаў не толькі прысвяціць сябе прафесіі (Beruf), але і прытрымлівацца паклікання (Berufung). Ён падкрэсліў, што пошук ісціны патрабуе не толькі інтэлектуальнай працы, але і самадысцыпліны і духоўнага навяртання. Святы Айцец перасцярог ад спакусы рабіць кар'еру, арыентаваную выключна на грошы, і заклікаў студэнтаў быць сведкамі хрысціянскага гуманізму, асабліва ў абароне бедных, хворых і найбольш уразлівых.

Леў XIV нагадаў пра заклік Бэнэдыкта XVI, які быў членам асацыяцыі, распрацаваць паслядоўную “экалогію чалавека”, бо чалавек таксама валодае прыродай, якую неабходна паважаць. Інтэгральная экалогія, вельмі важная для Францішка, вучыць бачыць у свеце сэнс, а не інэртную сутнасць, якую можна выкарыстоўваць на свой густ, - зазначыў ён.

Напрыканцы сустрэчы Святы Айцец падкрэсліў, што чалавек заўсёды шукае Бога, Які адкрыў нам Сябе як Збаўцу. У сваёй штодзённай працы мы ўсталёўваем адносіны з Богам, якія становяцца шляхам да святасці. Культурная місія хрысціян – накіроўваць грамадства і гісторыю да жыцця, арыентаванага на Бога, - сказаў Папа, заклікаючы студэнтаў быць сведкамі Евангелля ў нямецкім і еўрапейскім грамадстве і даручаючы іх апецы святога Баніфацыя, апекуна і евангелізатара Германіі.

05 чэрвеня 2026, 13:34