Папа да духавенства Канараў: мужна плывіце праз новую эпоху гісторыі

Заставацца трывала ўкаранёным у Хрысце, развіваць Эўхарыстычную духоўнасць і мужна плыць насустрач выклікам новай эпохі, заклікаў Пантыфік Касцёл на Канарскіх астравах.

Марыя Валодзіна - Vatican News

11 чэрвеня 2026 года падчас апостальскага падарожжа ў Іспанію Леў XIV сустрэўся з мясцовым духавенствам у катэдральным саборы святой Ганны ў Лас-Пальмасе на востраве Гран-Канарыя. У сустрэчы прынялі ўдзел біскупы, святары, дыяканы, кансэкраваныя асобы, семінарысты і душпастырскія работнікі.

У прамове Папа падзякаваў мясцоваму Касцёлу за гасціннасць, сведчанне веры і служэнне людзям, адзначыўшы, што супольнасць Канарскіх астравоў застаецца “жывым Касцёлам”, які падзяляе радасці і цяжкасці сучаснага чалавецтва.

Леў XIV падкрэсліў, што прыбыў на Канары як айцец і брат у веры. Ён нагадаў пра агульнае пакліканне ўсіх ахрышчаных разам будаваць Касцёл, заснаваны на Хрысце як на падмурку, гарманізаваць адрозненні і працаваць разам дзеля агульнага дабра.

Сустрэча Папы з духавенствам у саборы святой Ганны ў Лас-Пальмасе
Сустрэча Папы з духавенствам у саборы святой Ганны ў Лас-Пальмасе   (@Vatican Media)

Папа заахвоціў прысутных паразважаць над двума прынцыпамі хрысціянскага жыцця, неабходнымі для будаўніцтва цывілізацыі любові. Першым з іх ён назваў прыняцце крыжа Хрыста. Папа выкарыстаў блізкі канарцам вобраз мора як сімвала жыццёвага шляху і імкнення да бязмежнасці. Ён спаслаўся на словы святога Аўгустына аб тым, што крыж Хрыста стаў дрэвам, якое дапамагае чалавеку пераплыць мора гэтага свету.

Святы Айцец адзначыў, што святыя, сутыкаючыся з жыццёвымі бурамі, прымалі Езуса ў свае чоўны, спадзяваліся на Яго, прымалі крыж і супакойвалі хвалі няўпэўненасці і страху. У якасці прыкладу ён узгадаў Слугу Божага Антоніа Вісэнтэ Гансалеса – дыяцэзіяльнага святара, вядомага як “добры пастыр Канарскіх астравоў”. Яго жыццё, перамененае Божай ласкай, заахвочвае нас узяць крыж Хрыста і ісці за Ім, каб дасягнуць абяцанай мэты, - адзначыў Папа.

Пантыфік падзякаваў духавенству за тое, што яно ўжо жыве па гэтаму прынцыпу – прымае крыж Хрыста – суправаджаючы і дапамагаючы людзям, якія пакутуюць ад жыццёвых выпрабаванняў, праяўляючы міласэрнасць і любоў.

Сустрэча Папы з духавенствам у саборы святой Ганны ў Лас-Пальмасе
Сустрэча Папы з духавенствам у саборы святой Ганны ў Лас-Пальмасе   (@Vatican Media)

Другой ключавой практыкай Папа назваў развіццё эўхарыстычнай духоўнасці. Ён нагадаў пра старажытную традыцыю, якая захоўваецца ў катэдры святой Ганны, калі падчас урачыстасці Унебаўшэсця Пана перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам рассыпаюць кветкавыя пялёсткі як знак духоўных і нябесных дароў, якія Пан пралівае, узыходзячы на неба. Гэты жэст пабожнасці, які практыкаваўся многімі пакаленнямі на працягу доўгага часу, мае глыбокі сэнс: у нашай пілігрымцы мэтай з’яўляецца сустрэча з Хрыстом. Ён – цэнтр хрысціянскага жыцця, - падкрэсліў Леў XIV.

Папа нагадаў вучэнне Другога Ватыканскага Сабора аб тым, што ўдзел у Эўхарыстыі аб'ядноўвае вернікаў у адзін народ Божы. Таму развіццё эўхарыстычнай духоўнасці павінна весці да паглыблення любові і еднасці паміж членамі касцёльнай супольнасці. “Давайце зробім наша жыццё адказам на прагненне Езуса: “каб усе былі адно, (...) каб паверыў свет” (Ян 17, 21), - заклікаў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў аб тым, што хрысціянская салідарнасць з’яўляецца практычным спосабам праявы еднасці з Хрыстом, бо яднанне з Хрыстом – гэта адначасова і яднанне з усімі тымі, каму Ён аддае Сябе. Ён заклікаў прысутных працягваць дарыць усім любоў, гасціннасць, слуханне, блізкасць і клопат пра найбольш безабаронных.

Леў XIV заахвоціў Касцёл на Канарскіх астравах заставацца трывала ўкаранёным у Хрысце і мужна плыць праз новую эпоху гісторыі. Сутыкнуўшыся з цяжкасцямі, “падыміце вашыя вочы” і прасіце ў Святога Духа ласкі жыць у адзінстве веры, надзеі і любові – цнотаў, якія як тры зоркі ўзыходзяць на небе нашага духоўнага жыцця, каб весці нас да Бога, - завяршыў Пантыфік.

Сустрэча Папы з духавенствам у саборы святой Ганны ў Лас-Пальмасе
Сустрэча Папы з духавенствам у саборы святой Ганны ў Лас-Пальмасе   (@Vatican Media)

 

11 чэрвеня 2026, 15:50