Пошук

Папа да зняволеных: няма сітуацыі, у якой Пан адвярнуўся б ад нас

Быць чалавекам і хрысціянінам – не значыць ніколі не памыляцца, але ўмець навяртацца, каяцца, выпраўляць памылкі і дараваць, - падкрэсліў Леў XIV падчас наведвання турмы ў Барселоне.

Марыя Валодзіна - Vatican News

10 чэрвеня 2026 года ў рамках апостальскага падарожжа ў Іспанію Леў XIV наведаў пенітэнцыярны цэнтр “Brians 1” каля Барселоны, дзе сустрэўся са зняволенымі, супрацоўнікамі, капеланамі і валанцёрамі турэмнага душпастырства.

Сустрэча з Пантыфікам прайшла ў канферэнц-зале ўстановы. Гучала музыка і спевы, а таксама сведчанні душпастыраў і зняволеных. Святы Айцец падзякаваў прысутным за цёплы прыём і кранальныя сведчанні. “Кожны чалавек годны ўжо таму, што быў пажаданы, створаны і любімы Богам” (Magnifica Humanitas, 52), – сказаў Папа, падкрэсліваючы, што няма такой сітуацыі, якая прымусіла б Пана адвярнуцца ад чалавека. Яго міласэрная любоў заўсёды пераўзыходзіць усё тое добрае ці дрэннае, што мы маглі зрабіць, - дадаў ён.

Папа заклікаў тых, хто пакутуе ад разлукі з роднымі і нясе цяжар зняволення, не паддавацца пачуццю непаўнавартаснасці і безнадзейнасці, а ўзняць вочы да Таго, Хто працягвае праяўляць сваю любоў праз прысутнасць столькіх людзей.

Жыццёвыя памылкі не вызначаюць сутнасці чалавека. Пра гэта ў сваёй “Споведзі” пісаў і святы Аўгустын, разважаючы пра свой жыццёвы шлях. Пантыфік падкрэсліў, што Божая ласка здольная перамяніць чалавечае жыццё і дапамагчы зразумець, што мінулае не вызначае будучыню чалавека, а наадварот, дае магчымасць змяніць рашэнні і зрабіць новы выбар.

“Давайце вызвалім месца для Пана ў нашых сэрцах і будзем шукаць Яго аблічча. Дазволім Яго любові весці нас. Прытулімся да Таго, Хто нястомна заклікае нас да надзеі і паказвае нам цудоўны гарызонт, дасягненню якога не можа перашкодзіць ніводная фізічная перашкода. Сёння Ён працягвае прамаўляць да нас у глыбіні нашага сумлення, дапамагаючы нам убачыць, што Ён жыве сярод нас. Ён толькі чакае, каб мы далі Яму такую магчымасць”, - падкрэсліў Леў XIV.

Звяртаючыся да зняволеных, Папа сказаў: “Бог любіць вас такімі, якія вы ёсць, але Ён марыць, каб вы сталі яшчэ лепшымі! Пан дазваляе ўсім нам пачаць усё нанова, бо быць чалавекам і быць хрысціянінам – не значыць ніколі не памыляцца, але ўмець навяртацца, каяцца, выпраўляць памылкі і, перш за ўсё, прымірацца і дараваць”.

10 чэрвеня 2026, 10:35