Папа да сіра-маланкарцаў: спадчына Усходніх Цэркваў узбагачае Касцёл

Падчас аўдыенцыі для прадстаўнікоў Сіра-Маланкарскай Царквы Леў XIV падкрэсліў значэнне захавання духоўнай спадчыны Усходніх Цэркваў, нагадаў пра місійнае пакліканне іх супольнасці і запэўніў у падтрымцы яе далейшага развіцця ў дыяспары.

Марыя Валодзіна - Vatican News

15 чэрвеня 2026 года Папа сустрэўся ў Ватыкане з удзельнікамі асамблеі духавенства і вернікаў Сіра-Маланкарскай Царквы, якія жывуць у краінах Еўропы. На аўдыенцыі прысутнічалі Сіра-Маланкарскі Вярхоўны Архіепіскап кардынал Базеліас Мар Клеміс, епіскапы, святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі.

Падрыхтоўка да сотай гадавіны

У прамове Пантыфік адзначыў, што Сіра-Маланкарская Царква распачала інтэнсіўны шматгадовы шлях духоўнага абнаўлення ў рамках падрыхтоўкі да сваёй сотай гадавіны. Іерархія гэтай Усходняй Царквы была заснавана апостальскай канстытуцыяй “Christo Pastorum Principi”, выдадзенай Піем XI 11 чэрвеня 1932 года.

Сведчанне адзінства

Леў XIV асабліва адзначыў заслугі Слугі Божага Мар Іваніяса, які разам з Мар Феафілам спрыяў аднаўленню поўнай еднасці маланкарскіх вернікаў з Пераемнікам Пятра. Першы Сіра-Маланкарскі Мітрапаліт, Архіепіскап Трывандрума, Мар Іваніяс быў сапраўдным пастырам паводле Сэрца Езуса і прыкладам імкнення да аб'яднанага Касцёла, - сказаў Папа.

Евангелізацыя і дабрачыннасць

Пантыфік падкрэсліў місіянерскі характар Сіра-Маланкарскай Царквы, якая спалучае абвяшчэнне Евангелля з дабрачыннай дзейнасцю, адукацыяй, абаронай сацыяльнай справядлівасці і падтрымкай найбольш уразлівых груп насельніцтва. Дзякуючы гэтай дзейнасці яна выйшла за межы этнічных і моўных абмежаванняў і паспяхова развівалася ў розных рэгіёнах Індыі, у тым ліку ў штаце Тамілнад. Папа заклікаў гасцей праявіць аналагічную прыхільнасць да новых дыяцэзій, нядаўна створаных у Індыі.

Клопат пра вернікаў дыяспары

Асобную ўвагу Святы Айцец надаў неабходнасці захавання спадчыны Усходніх Цэркваў у дыяспары. Ён нагадаў, што Бэнэдыкт XVI стварыў апостальскі экзархат для сіра-маланкарскіх вернікаў у ЗША, а Францішак пазней надаў яму статус епархіі, пашырыўшы пастырскую апеку епіскапа таксама і на Канаду. Леў XIV пайшоў па іх слядах і ў першы год свайго пантыфікату прызначыў першага пастаяннага апостальскага візітатара сіра-маланкарскіх вернікаў у Еўропе.

Святы Айцец паведаміў, што Дыкастэрыя па справах Усходніх Цэркваў атрымала яго даручэнне распрацаваць прынцыпы, нормы і арыенціры, якія дапамогуць біскупам лацінскага абраду падтрымліваць усходніх католікаў у дыяспары ў захаванні іх традыцый. Таксама будзе вывучацца магчымасць стварэння трывалых і даўгавечных асноў для развіцця Сіра-Маланкарскай Царквы ў Еўропе ў будучыні.

Папа заклікаў гасцей паглыбляць сваю прыналежнасць да Сіра-Маланкарскай Царквы, актыўна ўдзельнічаць у яе жыцці і захоўваць адзінства з Вярхоўным Архіепіскапам і Сінодам Епіскапаў. Ён пажадаў, каб моцная вера працягвала квітнець у дамах і сем’ях, асабліва ў сэрцах моладзі.

15 чэрвеня 2026, 12:18