Папа – уладам Іспаніі: культура сустрэчы – аснова дабрабыту краіны
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Я прыбываю да вас, каб пацвердзіць, падбадзёрыць і натхніць вернікаў на абноўленую вернасць Евангеллю, а таксама на больш глыбокае прымірэнне і супрацоўніцтва паміж рознымі часткамі гэтага народа”, - сказаў Папа.
Пантыфік падкрэсліў “старажытную сувязь” паміж Іспаніяй і хрысціянскай верай, якая “глыбока сфармавала культуру і ўяўляе сабой рэзерв надзеі і кіраўніцтва сярод выклікаў, на якія сёння, мы павінны адказаць разам, як чалавечая сям’я”.
Па словах Папы, сама гісторыя Іспаніі паказвае, што “не культура супрацьстаяння, а культура сустрэчы стварае стабільнасць і дабрабыт”. “Пры больш уважлівым разглядзе пасланне міру, якое ў наш час, на жаль, для адных гучыць наіўна, а для іншых правакацыйна, знаходзіць водгук у тых, хто не замыкаецца ў загадзя гатовых ідэалогіях, але адкрываецца на праўду”, сказаў Святы Айцец.
“Праўда заўсёды большая за нас, і таму яна здзіўляе і прыцягвае нас на шляхі ачышчэння і прымірэння, дзе дыялог з іншымі – і з Іншым з вялікай літары – становіцца неабходным”, - дадаў Пантыфік.
Леў XIV згадаў пра актуальнасць спадчыны двух вялікіх іспанскіх святых: Яна ад Крыжа і Тэрэзу Авільскую, “якія ўжо пяць стагоддзяў сілкуюць жыццё Касцёла і духоўныя пошукі многіх людзей, нават па-за яго бачнымі межамі”. Ён падкрэсліў, што “іх містыка – гэта містыка з расплюшчанымі вачыма, не адарваная ад гісторыі, але, наадварот, такая, што вядзе да каранёў пытанняў, да сэрца рэчаіснасці”.
Папа заўважыў, што сёння патрэбныя – таксама ў грамадскім жыцці – людзі, якія, па прыкладзе святога Яна ад Крыжа, “умеюць заўважаць у цемры святло”, а “ў заканчэнні – магчымы пачатак”. “Наша эпоха, якая, здаецца пахіснута жудаснымі дысбалансамі і канфліктамі, з глыбіні сваёй заклікае да міру, да новага разумення чалавечай асобы і яе непарушнай годнасці, да цывілізацыі любові”, - сказаў Пантыфік.
“Святая Тэрэза апісвае гэты ж шлях праз вобраз унутранага замка. Прасоўваючыся з пакоя ў пакой да самага ўнутранага месца – гэта значыць кожны да свайго сэрца, святыні праўды – прастора пашыраецца, розум адкрываецца, супярэчнасці знаходзяць згоду, напружанні знікаюць, іншыя знаходзяць сваё месца, а сусвет становіцца домам”, - адзначыў Леў XIV, дадаючы, што гаворка не ідзе пра ўцёкі ў замкнёны ўнутраны свет, але пра “радыкальнае адкрыццё “Цалкам Іншага і Заўсёды Новага”, якое здзяйсняецца тады, калі мы вяртаемся да саміх сябе”. “Гэтае вымярэнне чалавечага існавання з’яўляецца прычынай таго, што неабходна абараняць рэлігійную свабоду і свабоду сумлення”, - сказаў ён.
Леў XIV заўважыў, што “сёння спакуса здабываць папулярнасць, распальваючы полымя палярызацыі, здаецца, узрастае, а не змяншаецца”, а “чалавечая годнасць працягвае парушацца”. “Таму нам патрэбныя культура, унутранае жыццё, свабодная і якасная адукацыя, патрэбна адкрытасць на трансцэндэнтнае”, - дадаў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што Каталіцкі Касцёл служыць гэтай празе чалавечага сэрца “не праз навязванне, але праз евангельскае сведчанне, падтрыманае мноствам мучанікаў і святых, і сёння ён гатовы служыць будучыні народа, які шукае прымірэння і міру”.
“Я заклікаю ўсіх дзеля любові да праўды адмовіцца ад падзельных і палярызуючых наратываў пра вашу грамадскую рэчаіснасць і яе гісторыю, каб перайсці ад бясплодных спрашчэнняў да плённага ўспрымання складанасці”, - сказаў Леў XIV.
“Цаніць складанасць і вывучаць яе, вучыцца не адмаўляць яе, а жыць у ёй як благаслаўленнем, пазбягаць падыходаў, заснаваных на тоеснасці, якія нібыта робяць усё зразумелым, але напаўняюць свет прывідамі і ворагамі – вось задача тых, хто мае за плячыма вялікую гісторыю”, - нагадаў іспанскаму істэблішменту Святы Айцец.
Пантыфік асабліва падкрэсліў, што “неабходны, асабліва з боку тых, хто нясе эканамічную, палітычную і інстытуцыйную адказнасць, якасны скачок, змена курсу ў інвестыцыях у школу, універсітэт і навуку, у мясцовыя супольнасці і грамадзянскую супольнасць як асяроддзе ўдзелу і культурнага пасярэдніцтва”.
“Бяспека, якую мы занадта часта памылкова чакаем ад зброі і муроў, нараджаецца хутчэй у навучанні ісці разам з іншым, расці побач, плячо ў плячо. Пра гэта сведчыць і ваша ўласная гісторыя”, - сцвердзіў Леў XIV.
Пантыфік нагадаў, што, “напрыклад, прысутнасць ісламу на Пірэнейскім паўвостраве была працяглай палітычнай, культурнай і рэлігійнай рэальнасцю”, але “ў той перыяд адбывалася не толькі супрацьстаянне; рабіліся спробы стварыць прастору для кантакту, размовы і дыялогу пра сэнс праўды паміж хрысціянамі, мусульманамі і юдэямі”.
У гэтым кантэксце Папа згадаў пра школу перакладчыкаў караля Альфонса X Мудрага, дзе спецыялісты, якія належалі да трох рэлігій, “супрацоўнічалі ў перакладзе багатай арабскай, грэчаскай і яўрэйскай спадчыны”, а таксама пра гарады Кардоба і Таледа, якія сталі “месцамі пасярэдніцтва паміж мовамі, рэлігіямі і ведамі”.
“Як нас навучыў яшчэ адзін высакародны сын гэтай зямлі, у выпрабаваннях і няўдачах можна пераасэнсаваць усё”, - сказаў Пантыфік, маючы на ўвазе досвед святога Ігнацыя Лаёлы, які падчас крызісу знайшоў супакой у сэрцы і “аддаў перавагу міру перад зброяй, а святым – перад магутнымі гэтага свету”.
“Ён зразумеў, што дабро, якое яго прыцягвала, не было ўтопіяй, і таму яго крызіс ператварыўся ў ласку. Тое самае можа адбыцца і ў дачыненні да “новых рэчаў”, якія сёння нас непакояць і адносна якіх нашы адчуванні пакуль падзеленыя. “Давайце будзем пазбягаць словаў, якія прыніжаюць або супрацьпастаўляюць. Давайце выбіраць яснасць, якая асвятляе, і шчырасць, якая адкрывае шляхі. Не будзем благаслаўляць наіўны энтузіязм і не будзем падсілкоўваць бясплодныя страхі. Замест гэтага давайце прапануем крытэрыі распазнання – годнасць асобы, усеагульнае прызначэнне дабротаў, перавага на карысць бедных, клопат пра агульны дом, мір – і будзем увасабляць іх у жыццё праз адказнае планаванне, ацэнку ўздзеяння на чалавека і грамадства, інтэграцыю найбольш уразлівых, лічбавую пісьменнасць, навуку і прамысловасць, скіраваныя на справядлівасць і мір” , - заклікаў Папа.
Выказваючы падзяку Іспаніі “за яе вернасць міжнароднаму праву і шматбаковаму супрацоўніцтву, што выяўляецца ў актыўнай дзейнасці дзеля міру і салідарнасці паміж народамі”, Леў XIV заклікаў развіваць дыялог і грамадскае сяброўства, “улічваючы перспектывы бедных і моладзі пры фармаванні будучыні, гарманічна спалучаючы імкненні да аўтаноміі і адзінства, падтрымліваючы працэс еўрапейскай інтэграцыі не ў супрацьстаянні іншым дзяржавам, але як дар для ўсёй чалавечай сям’і”.
